Мiраслаў Адамчык
Забойства на каляды
Аповесць
І
Вінцэнт Кастравіцкі падняў шыбу і падумаў, што ангельскае акно нагадвае гільяціну. Сіберны вецер шыбануў праз пакой і перакінуў старонку настольнага календара. Пятніца, 24 снежня 1936 года. Вінцэнт пасунуў крухмальную манжэтку на левай руцэ і дакрануўся ўказальным пальцам да халаднаватага гадзіннікавага шкла. Дзверы, быццам ад проймы, рэзка адчынiлiся, і Вінцэнт азірнуўся. Нечаканы наведнік сціскаў у руцэ кароткую алебарду, упрыгожаную каляднай зоркай.
– Заходзь, -– Вінцэнт кінуў чалавеку з алебардай у бок крэсла. – Дарма так сварыцца, сапсавалі ўсім свята. – Ён яшчэ раз глянуў на гадзіннік. Адзінаццаць гадзін.
– Апранайся, пайшлі калядаваць, – загадаў госць.
– Зараз, – Вінцэнт падышоў да шафы і ўзяўся за бронзавую ручку. Госць рэзка нахiліў алебарду і пацэліў лязом па Вінцэнтавай патыліцы. Удар атрымаўся цвёрдым і трапным. Лязо рассекла шыйныя пазванкі. Вінцэнтава галава глуха грукнулася ў шафу. На срэбнай каляднай зорцы чырвонымi кропкамі леглі пырскі крыві. Вінцэнт рухнуў на падлогу. А забойца схапіў газнічку, прачынiў дзверы і прыслухаўся. На калідоры было ціха. Забойца кінуў на Вінцэнтаў ложак запаленую газнічку, зачыніў дзверы і знік у калідоры. Па прасцінах заскакалі празрыстыя агеньчыкі, полымя пабегла па ложку і саскочыла на падлогу.
* * *
У суботу ў мястэчку Друзгенікі а сёмай гадзіне раніцы Адам Кастравiцкi завітаў да свайго сябра Бруна Чыка, прыватнага эксперта. Бруна Чык папрацаваў больш за дваццаць гадоў крымінальным экспертам у Галандыі, быў вядомым хімікам, захапляўся дэкаратыўным мастацтвам. Нарэшце, калі яму канчаткова абрыдлі паўночныя марскія вятры і тлустыя амстэрдамскія стравы, ён вярнуўся на Радзіму і адкрыў у Вільні прыватную кансультацыйную кантору. Калекцыянеры з усяе Беларусі запрашалі вядомага эксперта.
Тыдзень таму Бруна Чык атрымаў запрашэнне ад графа Плятара паглядзець калекцыю дробнай пластыкі, якую граф сабраўся перавозіць у больш спакойныя мясціны, каб перачакаць ліхалецце. Граф быў з лепшых кліентаў, Бруна ўжо праз два днi прыехаў у Друзгенікі і спыніўся ў гатэлі.
Бруна Чык, высокага росту, немалады, па-еўрапейску элегантны чалавек, усё свядомае жыццё займаўся толькі тым, што канстатаваў, ацэньваў, адзначаў і высвятляў. У маладосці ён ажаніўся з сінявокаю нармандкай, але хутка аўдавеў, стаў аўтарам трох манаграфій па класіфікацыі парцэлянавых і шкляных вырабаў, якія на дзве траціны складаліся з матэматычных таблічак і мелі поспех у пачынаючых экспертаў, а таксама аўтарам папулярнага падручніка “Увозіны ў крышталяграфію”. У свой час Бруна Чык вучыўся разам з Адамам Кастравіцкім на хімічным факультэце Сарбоны, дзе яны, як землякі, пасябравалі. Пасля заканчэння вучобы Кастравіцкага пацягнула на Беларусь, а Чык пачаў бадзяцца па свеце і толькі праз дванаццаць гадоў ізноў апынуўся ў Вільні.
Летась яны колькі разоў сустракаліся ў Вільні: то пад час службы ў Вастрабрамскім касцёле святой Тэрэзы, то на пахаванні сэрца Пілсудскага. Аднаўляць старое сяброўства ўсё неяк не наважыліся, адно стрымана ківалі адзін аднаму. Калі цяпер Адам Кастравіцкі даведаўся, што ў Друзгенікі прыязджае Бруна Чык, то, павагаўшыся, так і не знайшоў падстаў для наведвання універсітэцкага сябра.
Бруна Чык быў прыемна здзіўлены, калі адчыніў дзверы і ўбачыў Адама. Пасля прывітанняў, ён запрасіў пана Кастравіцкага разам паснедаць і адначасова адзначыў, што Кастравіцкі завітаў да яго а сёмай гадзіне, толькі пад прымусам выключных абставін. У цёмным твідавым гарнітуры і белай кашулі з высокім каўнерыкам, зацягнутым чорнай стужкай матылька, Бруна Чык выглядаў рэспектабельна і афіцыйна. А Кастравіцкі, калі скінуў цяжкае футра і апынуўся ў хатняй аксамітавай марынарцы, надзетай на льняную кашулю, адно прамармытаў прабачэнні, што не паспеў належным чынам апрануцца.
– Ты служыш у пажарнай камандзе? – паспрабаваў жартаваць Бруна, але Адам спачатку зацята абурыўся і супакоіўся толькі тады, калі заўважыў чорную, перапэцканую сажай манжэтку марынаркі.
Пад час сняданку яны перакінуліся некалькімі нязначнымі сказамі са сваіх студэнцкіх успамінаў. Бруна разліў па філіжанках каву і пачаставаў Адама папяросаю з залатым паскам на муштуку. Яны ўладкаваліся перад столікам з каваю ў мяккіх, па-вясковаму ўтульных, саламяных крэслах, і Адам, зацягнуўшыся араматызаваным тытунём, пачаў сваё апавяданне.
– Справа ў тым, – нервова вымавіў пан Кастравіцкі, – што сёння ўначы забілі майго пляменніка Вінцэнта Кастравіцкага ў маім маёнтку, тут, побач з Друзгенікамі. Калі быць дакладным, маёнтак належаў брату Генрыку, але ён мінулай зімой памёр і маёнтак перайшоў Вінцэнту ў спадчыну. Летась Вінцэсь паступіў у Віленскі універсітэт, пасля бацькавай смерці ў яго ўзніклі фінансавыя праблемы. Я дапамагаў яму і, параіўшыся з Ганнай, сваёй жонкаю, пакінуў Вінцэнту наш віленскі дом, а сам пераехаў у маёнтак. Праўду кажучы, пані Кастравіцкая была супраць такога абмену, але мой знаёмы доктар пераканаў яе, рэкамендаваў ёй лазні з мінеральных крыніц. Летам мы пераехалі ў маёнтак. У брата была неблагая майстэрня, і я атрымаў магчымасць аднавіць свае хімічныя доследы, выпісаў абсталяванне, перарабіўшы майстэрню ў лабараторыю.
Учора на калядныя вакацыі да нас прыехаў Вінцэнт з кампаніяй сяброў-студэнтаў. Яны спрабавалі наладзіць калядкі, але нешта паміж імі адбылося, хлопцы пасварыліся. Я і пані Ганна не ўмешваліся ў тэалагічныя спрэчкі моладзі. Адно павячэралі разам. Пасля вячэры хлопцы спявалі калядныя песні, але свята не атрымалася. Я з Фрыдэрыкам пайшоў у більярдную. Вінцэнт падняўся да сябе. Раптам наверсе пані Ганна заўважыла, як з-пад дзвярэй да яе ў пакой па падлозе запаўзае дым. Яна закрычала. Гарэў Вінцэнтаў пакой. Полымя ўдалося збіць толькі цудам. Там на падлозе мы знайшлі Вінцэнта.
Пад час сваёй прамовы Кастравіцкі не дакрануўся да сваёй філіжанкі і не зацягваўся папяросаю, якая хутка згасла. Нарэшце ён на імгненне спыніўся, запаліў новую папяросу і загаварыў спакайней:
– Я толькі што быў у паліцыі, яны пачалі афіцыйнае расследванне, а мяне папрасілі, каб я не пакідаў маёнтка. Я хацеў адразу звязацца са сваім віленскім адвакатам, ды даведаўся ад старога графа, што ты на пару дзён заехаў у Друзгенікі, вырашыў па старой памяці параіцца з табой, як з чалавекам, безумоўна, кампетэнтным у крыміналістыцы. Спадзяюся, нашае сяброўства дазваляе мне гэта зрабіць?
– Калі ласка, Адам, – адказаў Бруна Чык і хацеў быў дадаць колькі слоў спачування, але Кастравіцкі ізноў хутка загаварыў:
– У мястэчку я чалавек новы, і ў мяне ёсць падставы для недаверу мясцовым уладам, асабліва следчаму. Я ўжо меў непрыемную гутарку з ім. Таму, мне здаецца, што ты адзіны чалавек, да каго я магу звярнуцца з такога кшталту справай. Можа, ты дасі мне кансультацыю ці проста параіш, што рабіць, бо чакаць літасці ад паліцыі склаўшы рукі, я адчуваю, небяспечна. Абставіны вымушаюць мяне дзейнічаць, каб не апынуцца ў безвыходнай сітуацыі. У справе замешаны Дамінік Плятар, сын старога графа. У мяне з графам апошнім часам былі даволі нацягнутыя адносіны, і я ўпэўнены, што стары Плятар пачне ціснуць на ўладу, каб абвінаваціць мяне. Дарэчы, следчы, пан Сокал, ужо распытваў мяне адносна Вінцэнтавага маёнтка. Стары пілсудчык лічыць, што я
– Адам Кастравіцкі не скончыў думкі і адным глытком выпіў халодную каву, а Бруна Чык займеў магчымасць пачаставаць расхваляванага сябра брэндзі.
– Выбачай за гэтую блытаніну і за мой трохі нервовы тон, але пасля размоў з местачковымі паліцыянтамі не вельмі добра сябе адчуваю.
Трэцяя чарачка брэндзі супакоіла Кастравіцкага, і ён нарэшце змог выпаліць папяросу.
– Наколькі я разумею, табе пагражае арышт па абвінавачванні ў забойстве пляменніка Вінцэнта. І ты прапануеш мне ў нейкім сэнсе ўзяць ролю твайго адваката і памагчы табе пазбегнуць арышту? – У голасе Бруна Чыка ледзь заўважна прагучаў нямецкі акцэнт і нечаканы халадок. Кастравіцкі паспрабаваў выправіць сваю памылку:
– Я вельмі шкадую, што гаварыў не пра тое і не так, як мне самому хацелася б. Але я спадзяюся, што ты паслухаеш мяне і дазволіш растлумачыць табе адну асноўную думку.
Я не веру ў існаванне вышейшых ісцін і вышейшай справядлівасці. У нашым грамадстве вышейшы суд па сваім узроўні такі ж самы, як і ўсе дзяржаўныя судовыя ўстановы. А грамадская думка – гэта судовы прысуд такога гатунку, што звычайнаму чалавеку нельга яго ні абвергнуць і ні ў якім разе яму давяраць. Мы ўжо не ў тым узросце, калі даруецца максімалісцкі ідэалізм, і я не збіраюся займацца абстрактным гуманізатарствам. Жыццё ператварыла таго рамантычнага юнака, з якім ты вучыўся ў Сарбоне, у жорсткага, цалкам пазбаўленага ілюзій прагматыка. Вось тут я табе растлумачу, што, акрамя Вінцэнта, у мяне нікого не заставалася. Я на сваім жыццёвым вопыце пераканаўся, што чалавек не можа цалкам абапірацца на аўтарытэт навукі або на аўтарытэт рэлігіі ці ідэалогіі, яму неабходна знайсці сваю адліковую кропку, сваю выспу ў моры адзіноты, каб абаперціся на цвёрдую глебу і знайсці прытулак сваёй пакутніцкай душы. Самая моцная, на маю думку, прывязка чалавечай душы – гэта Род. А я даўно страціў надзею мець сваіх дзяцей. Ганна цудоўная жанчына, але пасля дваццаці гадоў шлюбу нават яна пакінула ўсе свае намаганні перамагчы лёс.
Вінцэнта мы прымалі за роднага сына. Асабліва пасля смерці брата Генрыка. З Вінцэнтам мяне апроч чыста сваяцкіх адносін звязвае пачуццё Роду. Ты павінен мяне зразумець. Гэта не проста забілі майго пляменніка, гэта на родзе Кастравіцкіх паставілі крыж.
А нашая паліцыя ў мяне пытаецца пра ягоную спадчыну. Ты ўяўляеш? Хіба ім растлумачыш, што Вінцэнт – гэта апошняя надзея роду Кастравіцкіх?
Я ўжо не баюся арышту і турмы як фізічнай пакуты. Мне неабходна знайсці забойцу і адпомсціць за смерць Кастравіцкіх. Ты разумееш, што Кастравіцкіх больш не існуе. Нас няма, нас вынішчылі, пазабівалі. Значыць, дарма мае дзяды насілі княскі тытул, каб род сканаў так бессэнсоўна. Ты адзіны, каму я так шчыра магу выказаць свае перажыванні. І да таго ж папрасіць дапамогі. Ты не адмовіш мне. – Адам Кастравіцкі ўзняў над сталом яшчэ адзін кілішак брэндзі, але ягоныя пальцы нервова задрыжалі і бурштынавая вадкасць палілася на вышываную сурвэтку.
– Павінен цябе адразу папярэдзіць, – нарэшце адказаў Бруна Чык, – я не юрыст і крыміналістыкай займаюся толькі як эксперт па дэкаратыўным мастацтве. Аднак я шчыра табе спачуваю і паспрабую гэтую справу разблытаць. Але я хацеў бы ўдакладніць, чым ты тут займаўся гэтыя дваццаць гадоў? – Бруна хацеў выціснуць з сябе ўсмешку, але ўбачыў, як на змучаным Адамавым твары адбілася непаразуменне, і таму сур’ёзна дадаў: – Мяне цікавіць, ці не хавалася за Вінцэнтавай смерцю помста табе і твайму роду, калі ты гэта так хваравіта перажываеш?
– Не, я гэтак не думаю. Пасля універсітэта я ператварыў частку спадчыны ў грошы і пабудаваў гуту, як мне здавалася,– лепшую ў свеце. Новае абсталяванне з Германіі, новыя тэхналогіі. Да таго ж ты памятаеш, я сам быў неблагім хімікам. І хутка ператварыўся ў заможнага гаспадара-фабрыканта. Дарэчы, выгадна ажаніўся, адно жонка і яе сваякі прыбыткі з маёнткаў спускалі на палітычныя авантуры. Цяпер, праўду кажучы, я ўжо разумею, куды завялі нас гэтыя авантурысты-рэвалюцыянеры накшталт нябожчыка Дзяржынскага. Калі дзве імперыі пачалі дзяліць Еўропу, нам дасталося болей за астатніх. Як ты разумееш, Беларусь падзялілі ў прамым сэнсе. Гуту разбурылі і нацыяналізавалі. Вось так. А жончыны маёнткі трапілі ў даволі сімвалічную сітуацыю. Па маёй зямлі пад Стаўбцамі правялі мяжу і з абодвух бакоў утварылі заставы, якія месцяцца па сённяшні дзень у маіх дамах. З аднаго боку Саветы забралі, а тут пілсудчыкі, гэтыя хоць кампенсацыю нейкую выпісалі. Ды не ў гэтым справа, тое даўно было і асабліва мяне не закранула. Я нават быў удзячны лёсу, што ён пазбавіў мяне марных клопатаў, бо ў мяне не было нашчадкаў, каму тое дабро магло перайсці. Толькі цяпер я па-сапраўднаму гэта зразумеў.
Кастравіцкі падняў галаву, ненатуральна цвёрда выпрастаўся на крэсле, а потым, прыкраўшы руку да лба, цяжка ўздыхнуў. На ягоны смуглы, што пергамент, твар лягла маска тугі, адно яркія васільковыя вочы свяціліся непрыхаванай нянавісцю.
– Цяпер мой адзіны пляменнік стаў мне за сына, але лёс вырашыў пазбавіць мяне астатняга шчасця.
Бруна Чык адчуваў, што Адаму Кастравіцкаму неабходна выказацца, і ўважліва ўслухоўваўся ў ягоную блытаную плынь свядомасці.
Калі Бруна ўбачыў на твары сябра непадробную стому, што нарэшце пераадолела ўсе астатнія пачуцці, ён дастаў з кішэні залаты гадзіннік, падобны да тоўстага жука, і адзначыў як эксперт:
– Табе неабходна адпачыць. Хочаш – заставайся тут, паспі, а я тым часам перагавару з Плятарам, і ўвечары разам паедзем да цябе.
Кастравіцкі ўстаў, растлумачыў Бруна Чыку, як знайсці маёнтак, і стрымана развітаўся.
ІІ
А пятай гадзіне вечара Бруна Чык збочыў з Віленскага тракту і скіраваў “кадзілак” мадэлі 1928 года да неагатычнай брамы, што замыкала цагляны паркан. У кішэні падарожнага паліто з бабровым каўняром ляжаў ліст да следчага пана Сокала. Побач на вольным сядзенні валяўся пухлы скураны сакваяж, пальчаткі і карычневы капялюш з шырокімі палямі. У машыне было горача, печка гнала цёплае паветра, і Бруна Чык крыху апусціў бакавое шкло. Трохарачная канструкцыя брамы была вузкаватай, геральдычныя чыгунныя вароты ледзь не зачапілі задні бампер “кадзілака”, але Бруна дакладна разлічыў шырыню брамы, прыціснуў акселератар і павольна закаціўся у парк.
Кастравіцкія ганарыліся сваім паркам, закладзеным па праекце французскага батаніка Лявона Жана Жыльбера. Сіметрычны партэр абрамлялі пірамідальныя дубы і дэкаратыўныя ліпы. Уздоўж дарогі, што падбіралася да маёнтка, з-пад белага шорсткага дывана выбіваліся шарападобныя сумёты фігурна падстрыжаных кустоў. Па камбінацыі сцежак угадвалася веерная канструкцыя. Паміж атрутна-зялёных піхтаў і елак на перыферыі парку патаналі ў снезе пабеленыя альтанкі. Кастравіцкія не шкадавалі грошай, і парк нават узімку выглядаў адмыслова дагледжаным.
Двухпавярховы палац з баракальным фасадам і вуглавымі шатровымі вежамі-алькежамі быў пафарбаваны на тры колеры і меў дэкаратыўна-святочны выгляд. Бруна Чык спыніў “кадзілак” на шырокім дворыку, побач з абшарпанай “татрай” і заснежаным “ролс-ройсам”. На вычышчаным ганку, каля адчыненых дзвярэй яго сустрэў вузкавокі трыццацігадовы мажардом. У вітальні эксперта чакалі Адам Кастравіцкі і следчы Багдан Сокал.
– У мяне да пана Сокала ліст, – пасля прывітанняў вымавіў Бруна і, перадаўшы следчаму разгорнуты аркуш, дадаў: – Я спадзяюся, гэтага дастаткова, каб пан следчы пазнаёміў мяне з матэрыяламі гэтай справы.
Багдан Сокал доўга разбіраў старамодную лацінку і нарэшце крыху нахабным тонам вымавіў:
– Граф Плятар рэкамендуе мне, калі не памыляюся, пана Чыка як аднаго з лепшых крымінальных экспертаў і раіць працаваць разам з панам. Але ў гэтай справе замешаны ягоны сын Дамінік Плятар. І як усе, хто мінулым вечарам знаходзіўся ў маёнтку, Дамінік, мякка кажучы, сведка, а калі шчыра, то ў гэтай справе кожны сведка ў любы момант можа ператварыцца ў злачынцу. Я абавязаны захоўваць на гэтым этапе тайну следства, – следчы развёў рукі, дэманструючы, што не варта спрачацца.
– Пан Сокал падазрае Дамініка Плятара? – пацікавіўся Адам Кастравіцкі.
– У мяне пад падазрэннем усе, хто знаходіўся ў гэтым доме мінулым вечарам. Што тычыцца Дамініка, я схілены прызнаць ягонае поўнае алібі, але ўсё можа змяніцца.
– Няхай пан растлумачыць сваю апошнюю думку, – патрабавальна вымавіў Бруна Чык.
– Два дні падаў снег, а на Божае Нараджэнне снегу не было. Брама на ноч зачыняецца, а эканом учора спусціў сабак. Дык вось, я агледзеў парк і не знайшоў ніякіх слядоў, вядома, апроч сабачых. Гэта значыць, што ноччу ніхто звонку не мог трапіць у дом. А калі так, то Вінцэнт загінуў ад рукі таго, хто начаваў у гэтым доме. Ці разумее пан Кастравіцкі, што гэта значыць?
– Так, – кіўнуў гаспадар.
– Таму я папрасіў усіх пару дзён не пакідаць межаў маёнтка, – следчы дастаў з кішэні тоўсты нататнік і пачаў яго ўважліва гартаць, паказваючы, што ўсе размовы скончаны.
– Наш мажардом пакажа пану Чыку ягоны пакой, і праз гадзіну, калі ласка, на вячэру, – вымавіў Адам Кастравіцкі і павёў сябра ў гасцёўню. Следам за імі ў гасцёўню ўвайшоў следчы.
– Мы накрываем у гэтай зале, за вячэрай пан Чык перазнаёміцца з усімі, хто начаваў у маёнтку, – удакладніў гаспадар і цяжка, крыху вінавата, уздыхнуў. Мажардом старанна складаў дровы каля каміна. Следчы прайшоў праз гасцёўню і ўладкаваўся ў фатэлі ў чаканні вячэры.
– Як вашае імя? – спытаў Бруна Чык у мажардома, калі яны разам выйшлі з гасцёўні.
– Рафал Дашкевіч, – суха адказаў чорны вузкавокі мажардом.
– Пан Рафал – караім?
– Так.
– Пан жанаты?
– Мая жонка служыць пакаёўкай у пана Кастравіцкага.
– Даўно?
– Ужо шмат гадоў.
Нарэшце яны падняліся па вінтавой лесвіцы на другі паверх, і Дашкевіч адчыніў перад Бруна Чыкам дзверы ягонага пакоя.
– Я папрасіў бы пана Рафала спачатку паказаць мне пакой пана Вінцэнта.
– Па калідоры далей, трэція дзверы з левага боку. Пан сам убачыць, – змрочна прабубніў Дашкевіч і, пакланіўшыся, знік у алькежы.
Вячэралі за доўгім сталом, засланым саматканым абрусам. Адам Кастравіцкі пазнаёміў Бруна Чыка з трыма маладымі панічамі, сярод якіх ён адразу пазнаў маладога Плятара па характэрным, як і ў старога графа, вялікім носе і вузкіх нервовых вуснах, па прыкметных арыстакратычных манерах. Пані Кастравіцкая ветліва працягнула Бруна Чыку руку і папрасіла прабачэння за свой выгляд. Гаспадар прапанаваў памянуць Вінцэнта і напоўніў чаркі каньяком. Кавалеры ўсталі, следам за імі падняліся астатнія.
– Увесь жах, што за гэтым сталом знаходзіцца забойца, – ціха вымавіў гаспадар.
– Адам, не варта аб гэты думаць, я не веру ў гэта, – ціха заўважыла гаспадыня.
– Гэта факт, – запярэчыў следчы.
– А я лічу, што пан следчы памыляецца і ўсё яшчэ высветліцца, – пачала спрэчку гаспадыня .
– Пасля вячэры я яшчэ раз удакладню вашыя паказанні, і не пазней дванаццатай гадзіны забойца будзе арыштаваны, – сдедчаму хацелася скончыць спрэчку, і ён схіліўся над талеркаю.
– Пан Сокал падазрае некага з прысутных і адзін з нас будзе арыштаваны? – не здавалася пані Кастравіцкая.
– Так, гэта бясспрэчна, – кіўнуў следчы.
– Дык як пан следчы можа вячэраць за адным сталом з забойцам? – спытала пані Кастравіцкая.
Следчы адклаў прыбор і адсунуў талерку.
– Я прашу ў пана Сокала прабачэння, мая жонка ператамілася, – Адам Кастравіцкі паклаў далонь на жончыну руку.
– Чына, васемнаццатае стагоддзе, – адзначыў Бруна Чык і дзынкнуў срэбраным відэльцам па талерцы. – Прабачце, прафесійная хвароба.
Пакаёўка Юзэфа Дашкевіч прыбрала талеркі і прынесла дэсерт. Гаспадыня разліла гарбату і прапанавала лікёры. Студэнты пад час вячэры зрэдку перашэптваліся паміж сабою кароткімі сказамі. Бруна Чык выкурыў папяросу, выпіў колькі кілішкаў сунічнага лікёру і, з дазволу гаспадара, вырашыў паглядзець бібліятэку і сямейны архіў. На калідоры яго перахапіў следчы і запрасіў да сябе ў пакой.
– Калі пану Чыку цікава, я пазнаёмлю пана з некаторымі момантамі гэтай справы. Але гэта павінна заставацца паміж намі. Я не хацеў гаварыць пры Кастравіцкіх. Ёсць пэўныя сумненні. Па-першае: нашто забойца падпаліў Вінцэнтаў пакой? Як пан лічыць? – следчы падняў дагары ўказальны палец і даў Бруна Чыку сабрацца з думкамі.
– Каб дакладна адзначыць час злачынства, – адказаў эксперт.
– Выдатна, пан Чык! – узрадаваўся Багдан Сокал. – Каб не гэты феерверк, то мы, магчыма, не змаглі б дакладна вылічыць час злачынства, а цяпер я маю поўную хранаметрыю. Вінцэнта забілі з дзесяці трыццаці да адзінаццаці. Нехта хоча нас пераканаць, што Вінцэнт загінуў менавіта ў гэты час. Пан мяне разумее. Гэта першае, што выклікала сумненні. Таму што ўсе менавіта на адзінаццаць гадзін плюс-мінус тры хвіліны маюць алібі. Усе, апроч Рафала Дашкевіча і Казіміра Кушаля, які, дарэчы, першы заўважыў полымя і першы знайшоў труп. Казімір Кушаль і Рафал Дашкевіч у першую чаргу выклікаюць падазрэнні. Калі ўсе зараз афіцыйна пацвердзяць свае папярэднія паказанні, мне давядзецца арыштаваць Казіміра. І я б зрабіў гэта з вялікім задавальненнем, каб
– следчы ізноў падняў дагары ўказальны палец і ледзь не шэптам спытаў: – Ці верыць пан Чык у прадчуванні?
– Відаць, не, – адказаў Бруна Чык.
– Выдатна, і я не веру ані прадчуванням, ані інтуіцыі, я аналітык, прафесійна займаўся шахматамі, вывучаў новыя модныя тэорыі фізікі. Але ў гэтай справе ёсць нешта, што мяне непакоіць. Я не знаходжу матываў. І яшчэ дзіўнае адчуванне смерці
Пан мяне разумее? – следчы нахіліўся да Бруна Чыка і зазірнуў яму ў вочы.
– Смерць гэта стан, а не адчуванне.
– А я адчуваю яе ўсім арганізмам, як жывёліна адчувае небяспеку. Смерцю патыхае ад усяго ў гэтым доме, асабліва ад гэтых так званых студэнтаў. Хочацца ўсё кінуць і хутчэй уцячы адгэтуль. Цяжка ў гэтым прызнавацца, мне даводзілася мець справу з рознай публікай, але каб на мяне так ціснула, так паралізавала волю
Нешта неверагоднае.
– Я таксама лічу, што пану не варта спяшацца і неабходна яшчэ раз пераправерыць усе паказанні.
ІІІ
У бібліятэцы Бруна Чык пагартаў падшыўкі віленскіх і мясцовых газет, знайшоў скрынку старых лістоў Генрыка Кастравіцкага і пачаў уважліва іх праглядаць, як у дзвярах заўважыў Дамініка Плятара.
– Пан Плятар жадае што-небудзь узяць пачытаць?
– Не маю звычкі чытаць нанач, чытанне гэта праца, якая патрабуе свежай галавы.
– Прыемна чуць гэта ад маладога чалавека. Але я дазволю сабе спытаць, што цікавіць пана ў бібліятэцы?
– Я шукаю Фрыдэрыка, мы дамовіліся на пару партый у більярд.
– Як пан ведае, я прыватны эксперт. Прыехаў сюды па рэкамендацыі вашага бацькі, якога непакоіць гэтая гісторыя.
– Для экспертаў забойства – гэта гісторыя? – з’едліва пацікавіўся Дамінік Плятар.
– Давайце крыху зменім тон. У мяне да пана адно пытанне. Што прывяло вас, чатырох кавалераў, у гэты палац? Вы ж мелі магчымасць куды весялей пагуляць у Вільні.
– Свята, – адказаў Дамінік.
– Каляды? – удакладніў Бруна.
– Так, і менавіта паганскія Каляды, у гэтым увесь цымус!
– Вінцэнт вывучаў тэалогію, а на вакацыях збіраўся ладзіць паганскае свята? – Бруна зрабіў здзіўлены выгляд.
– Так, я кажу пану, што ў гэтым увесь сэнс, – павысіў тон Дамінік.
– Тады, калі можна, у двух словах, што адбылося ўчора вечарам? – Бруна механічна выцягнуў з шафы кнігу і прачытаў назву “Сады, або Мастацтва ўпрыгожваць вясковыя краявіды”.
– Хіба што ў двух словах, – у роспачы вымавіў Дамінік. – Мы прыехалі ў Друзгенікі раніцай, паснедалі ў бацькі, ён набыў тут былую дачу Пілсудскага для зімовага палявання. Вінцэнт параіў, што лепей святкаваць у ягоным маёнтку. Мы прыхапілі з сабою святочныя строі каляднікаў. Развучвалі калядныя песні, цікавіліся абрадавымі гульнямі. Тут я звяртаю ўвагу пана, што свята мы рабілі для саміх сябе. І лепшага месца за гэты маёнтак немагчыма сабе ўявіць. Пана, можа, здзіўляе, чаму мы не хацелі далучыцца да якой-небудзь местачковай кампаніі і не пайшлі па хатах калядаваць? Ды таму, што мы іншым чынам ставіліся да паганства. Я спадзяюся, што з адраджэннем міфалогіі, калі вернуцца на нашую зямлю яе спрадвечныя Багі, гэта будзе нашым Рэнесансам з вялікай літары, Рэнесансам Беларускага Духу. Мы паўстанем, як вялікі народ, моцнымі, непахіснымі. Калі ў нас з’явіцца свой Бог, мы пачнём верыць сабе, і ён аб’яднае нас у маналітны кулак, – Дамінік ускінуў голаў і, змерыўшы вокам эксперта, падышоў да акна. – Цяпер для звычайных каляднікаў няма ніякай патаемнасці ў гэтым свяце. Каляды ўяўляюцца як традыцыйны абрад, пазбаўлены ідэйных, культавых і рэлігійных пачаткаў. Нашая міфалогія безнадзейна сапсавана хрысціянскімі байкамі і анекдоцікамі. Краўцы ад тэалогіі даўно перарабілі ўсе народныя святы на свой хрысціянскі капыл. – Дамінік рэзка павярнуўся і падышоў да Бруна. – Але мы навучым усіх паважаць наш народ і навучым беларуса паважаць самога сябе. Таму мяне цікавіць толькі спрадвечная форма святкавання Калядаў і толькі яе культавы змест. А танная гарэлка, вяндліна і каўбасы, ідыёцкія жарцікі і астатняе ў гэтым стылі мяне не хвалюе. Нас займае асэнсаванне зоркі і мядзведзя, казы, ваўка. Праз жывёльныя формы да чалавека і далей да зорак. Сувязь з космасам. – Дамінік заклаў рукі за крысо пінжака. – У гэтым я бачу адзіны шлях стварэння і існавання нашага народа, які, пан гэта добра ведае, перастаў існаваць і даўно ператвораны з аднаго боку ў акаталічанае быдла, з другога – у русіфікаванае. Мы падзеленыя, разарваныя, здаецца, паміж супрацьлеглымі рэлігіямі, а на самай справе гэта адно і тое ж хрысціянства. Гэта яно ператварыла нашыя храмы ў архітэктуру, а нашых багоў у каменных баб.
Бруна Чык паставіў кнігу на паліцу і перабіў Дамініка:
– Германія і Расія даўно займаюцца міфалагічнымі пошукамі, толькі з той розніцай, што немцы культывуюць старых багоў, а рускія – новых. Вас не бянтэжыць, што абедзве краіны маюць пры гэтым таталітарныя рэжымы?
Дамінік, відаць, быў падрыхтаваны да гэтага пытання, таму адразу пачаў гаварыць:
– Так, я згодны, немцы і рускія пры сваім таталітарызме займаюцца штучнай міфалагізацыяй, аднак гэтыя народы дыктуюць сваю волю ўсёй Еўропе. А рэжымы – з’ява часовая. Учора ў іх рэвалюцыя, сёння – рэстаўрацыя, а заўтра будзе кансервацыя, але пры ўсіх сваіх урадах яны захоўваліся як нацыі. А беларусы – не! Мы народ тутэйшых прыстасаванцаў! – апошнюю фразу Дамінік вымавіў экспрэсіўна і злосна.
– Давайце вернемся да пачатку нашае размовы. Што адбылося ўчора ўвечары? – спытаў Бруна Чык.
– Калі пана цікавіць толькі ход падзей, а не іх ідэйны змест, то пан нагадвае следчага. Мы ўчора крыху паспрачаліся. Размова пайшла на высокіх танах. Мы папярэджвалі следчага, і я паўтару гэта вам. Вінцэнт Кастравіцкі не ўдзельнічаў у нашай спрэчцы. Ён займаў нейтральную пазіцыю ці хутчэй увогуле не займаў ніякай пазіцыі. Гаворка ішла пра шляхі і сродкі адраджэння пантэона славянскіх багоў, які ў 988 годзе спалілі хрысціяне. Свята ў нас не ладзілася. За вячэраю мы доўга гаварылі і адно перабралі віна і налівак. Каля адзінаццаці гаспадар, пан Кастравіцкі, падбіў Фрыдэрыка Стральчэню сгуляць у більярд. Гаспадыня першая пакінула залу і паднялася да сябе. Следам за ёю пайшоў Вінцэнт. У зале заставаліся я і Казімір Кушаль. Я параіў Казіміру апрануцца ў строі каляднікаў і паспяваць. Ён узяў алебарду з папяровай зоркай і пайшоў наверх.
– З алебардай? – удакладніў Бруна.
– Так, следчы яго падазрае з-за гэтай алебарды. Па дарозе Казімір сустрэў у бібліятэцы мажардома. Наверсе Казімір пакінуў алебарду на калідоры і пайшоў пераапранацца, а калі праз пару хвілін выйшаў, то алебарда знікла і Вінцэнтаў пакой гарэў. Вось так. – Дамінік скончыў сваё апавяданне і расчаравана паглядзеў на Бруна, які, здавалася, зусім яго не слухаў, а ўзяў з паліцы працу французскага садавода і разглядаў лінарытныя ўклейкі.
– Дзякуй за падрабязнае тлумачэнне, – эксперт паставіў кнігу на паліцу, кіўнуў і выйшаў з бібліятэкі, прыхапіўшы скрынку з лістамі Генрыка Кастравіцкага. У зале каля каміна Бруна ўбачыў мажардома і спытаў, у якім пакоі спыніўся Фрыдэрык. Мажардом адно паціснуў плячыма і сказаў, што не ведае імёнаў маладых людзей, апроч маладога Плятара.
IV
Фрыдэрык Стральчэня, высокі з атлетычным торсам і хваравітым нервовым тварам у рагавых акулярах, прапанаваў Бруна Чыку прысесці на драўлянае крэсла, а сам уладкаваўся на скураной канапе.
– Пана Фрыдэрыка чакае на партыю ў більярд Дамінік, і я пастараюся не затрымліваць пана. Таму пачну з канкрэтнага пытання. Учора загінуў ваш сябар, і я паспрабую аднавіць на свежы розум падзеі мінулага вечара.
– Мы ўсе гэтым займаемся, – Фрыдэрык паправіў акуляры, – і следчы, пан Сокал, атрымаў ад мяне вычарпальную інфармацыю. Пану Чыку лепш звярнуцца да яго. Пан не прадстаўляе афіцыйную ўладу, і я маю права не адказваць на вашы пытанні, – расцягваючы словы, вымавіў Фрыдэрык.
– Так, я прыватны эксперт, і калі пана Фрыдэрыка задавальняе афіцыйнае следства, то не настойваю.
– Следчы мяне не задавальняе. Выбачайце за маю рэзкасць. Пана Сокала не цікавіць наша спрэчка, бо Вінцэнт у ёй не ўдзельнічаў. Але я прыйшоў да высновы, што пачынаць трэба з ідэй, а не з паводзін. Следчы перакананы, што людзі падзяляюцца на зладзеяў, якія лічаць сябе сумленнымі, і на сумленных, якія лічаць сябе зладзеямі. Вінцэнт належаў да апошніх. Я яго слаба ведаў, нас пазнаёміў Дамінік тыдні тры таму, і Вінцэнт не паспеў увайсці ў нашую справу. Можа пан Чык ведае, што я з Дамінікам вучыўся ў адным класе гімназіі. Яшчэ там, у гімназіі, мы вырашылі даказаць усім, што беларусы ва ўсякім разе не горшыя за палякаў і астатніх. Мы далі слова, што абставім усіх па ўзроўні ведаў і па фізічнай падрыхтоўцы. Улетку ездзім у вандроўку на роварах па Еўропе – Рым, Парыж, Берлін. Сталі лепшымі вучнямі. У гімназіі нам не было роўных. Разам паступілі на медыцынскі факультэт. На першым курсе да нас далучыўся Казімір. Нас аб’ядноўвае ідэя адраджэння міфалогіі як спрадвечнай рэлігіі, але мы разыходзімся ў сродках дасягнення нашае мэты. Мяне і Дамініка цікавіць непасрэдна культавы падмурак, без усялякіх бутафорска-мастацкіх экзэрсісаў. Мы згуртуем вакол нашай ідэі аднадумцаў, створым палітычны рух, пабудуем Сабор. Славяне апошнімі ў Еўропе прымалі хрысціянства, а на Палессі яшчэ дагэтуль захаваліся мясціны з моцным культам славянскіх Багоў. Пярун і Вялес яшчэ жывуць на Беларусі. Ідэя адраджэння Перуна, як спрадвечнага беларускага Бога, блізкая нашаму народу і пойдзе ў народ. Мы прачнёмся і скінем хрысціянскія путы, і тады сытая Еўропа і нямытая Расія яшчэ ўзгадаюць Вялікае княства ад мора да мора. Нас будуць паважаць і трапятацца. Вітаўт і Гедымін ставілі Еўропу на калені. Голас крыві нашых продкаў павядзе Беларусь да перамогі. Але напачатку нам неабходна перамагчы саміх сябе. Гэта самая цяжкая бітва – сам-насам. І нам нельга яе прайграць, бо Беларусь даведзена да апошняй ступені і мы стаім перад будучыняй, дзе ёсць толькі смерць на крыжы або смерць на кані з мячом у руцэ. Мы абралі апошні шлях, лепш загінуць з мячом у руцэ, чым жыць на каленях перад крыжам. А крыжакоў у свой час мы секлі.
– Пан Фрыдэрык мае на ўвазе Грунвальд, – падтрымаў размову Бруна Чык.
– Так, і не толькі Грунвальд, – усхвалявана кіўнуў Фрыдэрык і паправіў акуляры.
– Дык з-за чаго вы пасварыліся?
– Казімір Кушаль учора паведаміў, што збіраецца напісаць нашую міфалогію. Яго мэта – стварэнне нацыянальнай Святой кнігі. Свайго роду – Бібліі беларуса, якую ён сам збіраецца напісаць. Гэта было ганебна слухаць. Я і Дамінік спачатку палічылі, што Казімір сказіўся. Ён на поўным сур’ёзе заявіў, што напіша ў форме навелак кнігу міфаў і паданняў. Сама ідэя такой кнігі можа быць толькі ўхвальнай. Але Казімір сцвярджае, што надасць свайму твору святарскую афарбоўку. Ён лічыць, што ягоны зборнік пойдзе ў народ як Святое Пісанне. Мы запярэчылі яму. Нельга замахвацца на аўтарства святыні, яна – ад Бога. Ён смяяўся нам у твар і абяцаў, што не будзе яе падпісваць, а выдасць ананімна, як апокрыф. Мы казалі, што наяўнасць святасці, як і таленту, можна ўспрымаць толькі як звышдадзенае, і такая кніга з’явіцца толькі ад Бога, а не ў выніку разумовых і рацыянальных разлікаў Казіміра апанавала бязмежная ягамосць, калі ён нават не збіраецца падпісваць свой твор. Ды гэта абсурд, спадзявацца на зборнік навелак з рэлігійным зместам і святымі ідэямі, калі наш народ не падрыхтаваны ўспрымаць наогул ніякія ідэі. І мастацкі твор тут можа толькі моцна напсаваць. Нельга змагацца з хрысціянствам па сутнасці тымі ж езуіцкімі сродкамі. Наша зямля нараджае нашых Багоў, а не розум і не ідэі, нават калі яны па-мастацку выкананы. Мы пераконвалі Казіміра, што пачынаць трэба з адраджэння рэальных святынь, са стварэння рэальнага пантэона сапраўдных Багоў, а не займацца літаратурнымі намаганнямі і пошукамі абстрактнай эстэтыкі. Вонкава прыгожыя хрысціянскія ідэі разбурылі свядомасць нашага народа, ён заняты пошукамі райскага жыцця, яго перастала цікавіць рэальнасць, і тут неабходна не ўцякаць у свет ілюзій, а, наадварот, адмаўляючы мастацкія формы, несці меч і паходню і змагацца з жыццём, каб перамагчы смерць.
Што тычыцца Вінцэнта, то ён не падтрымліваў Казіміра, але і нас таксама. Ён лічыў, што любы культ трымаецца на тэатральна-мастацкім дзеянні. Мастацтва нараджае рэлігію, рэлігія – культ, а культ пачынае адмаўляць мастацкія пачаткі. Вось гэты ланцуг і павінен быў, паводле Вінцэнтавых разваг, з’яднаць наш народ. Ён лічыў, што нам цяпер нельга сварыцца, а кожны няхай робіць сваю справу. Як пан бачыць, сварыліся мы з-за сродкаў, а мэта ў нас агульная.
Бруна Чык падняўся і, падзякаваўшы за размову, сабраўся быў пайсці, але быццам нешта успомніў і спытаў:
– Калі пан Фрыдэрык не стаміўся ад бясконцых допытаў, то я дазволю сабе пацікавіцца, што адбылося пасля вячэры? Як усе разыходзіліся?
– Калі ласка, але мяне даўно чакае Дамінік, таму я паўтару гэта як мага карацей, – Фрыдэрык таксама падняўся з канапы і прайшоўся па пакоі.
– Свята ў нас не ладзілася. Мы спрабавалі спяваць, але атрымоўвалася неяк па-штукарску выпакутавана. Гаспадыня, пані Ганна, пайшла да сябе. Мажардом недзе знік. У зале засталіся: Адам Кастравіцкі, я, Дамінік, Вінцэнт і Казімір. Вінцэнт пайшоў ледзь не адразу за гаспадыняй. Адам Кастравіцкі прапанаваў більярд. Я пагадзіўся і пайшоў у більярдную за гаспадаром. Праз пару хвілін зайшоў Дамінік і зняў са сцяны алебарду, сказаўшы, што яны вырашылі яшчэ раз паспрабаваць наладзіць фэст і праз дваццаць хвілін чакаюць усіх у зале. Дамінік пайшоў, і не паспелі мы скончыць першую партыю, як пачулі крык пані Ганны. Прыбеглі на другі паверх, там ужо быў Казімір. Астатняе пан ведае.
– Ці ведае пан Фрыдэрык, што следчы падазрае Казіміра?
– Так, але гэта неверагодна, Казімір не мог некага забіць. Па-першае, Казімір не здатны на гэта, а па-другое – нашто Казіміру забіваць Вінцэнта? Яны пазнаёміліся тры тыдні таму, амаль не ведалі адзін аднаго і ніколі не былі ворагамі.
– Ці не варта ў гэтай справе пашукаць жанчыну? Магчыма, які-небудзь віленскі раман? – быццам між іншым пацікавіўся Бруна.
– Не, пан Чык памыляецца. Пан не ведаў Вінцэнта. Вінцэнт быў тэолагам. Захапляўся Кантам і, у адрозненне ад Казіміра і Дамініка, быў рафініраваным аскетам, меў пурытанскія схільнасці. Пан Сокал закранаў гэтую тэму, але беспаспяхова. І я параю пану Чыку не паўтараць гэтую памылку.
V
Палац Кастравіцкіх колькі разоў перабудоўваўся, але гаспадары захоўвалі знешнія аксесуары XVIII стагоддзя. Калі меркаваць па бакавых алькежах з вузкімі байніцамі і шатровымі ў раманскім стылі дахамі, то будынак, магчыма, яшче ў часы Вітаўта бараніў гэтую зямлю ад нашэсцяў паўдзікай жмудзі. Але дойлідства губляла абарончы сэнс, да палаца прыляпілі вытанчаны баракальны фасад з мяккімі паўкруглымі абрызамі і паўпразрыстымі валютамі па карнізах.
За вузкаватай вітальняю і люстраным перадпакоем ішоў змрочны, задрапіраваны цьмянымі габеленамі партэр, які адначасова выконваў функцыю гасцёўні, вялікай залы і – на святы – сталовай. З высачэзнай, на два паверхі, столі звешвалася каваная жырандоль, абсыпаная буйнымі крышталямі. Сіметрычна закладзеныя каміны кідалі прымружанае масянжовымі экранамі святло на ўсходні дыван. Прамакутны стол за чарадою крэслаў, пара ўтульных фатэляў,фісгармонія і цвёрдыя канапы па перыметры пакоя былі вытрыманы ў традыцыйным стылі Жыгімонта Вазы.
На ўзроўні другога паверха праз партэр цягнуліся падобныя да хораў антрэсолі з драўлянай балюстрадай. На першым паверсе зала разыходзілася кароткімі калідорчыкамі. Налева ішлі – більярдная, кухня і пакойчык кухаркі, направа – бібліятэка, пакой Дашкевічаў і дробныя гаспадарчыя памяшканні. З більярднай і з бібліятэкі дзверы выходзілі на вінтавыя лесвіцы, што віліся па алькежах з абодвух бакоў будынка. Такім чынам, трапіць на другі паверх магчыма было або праз більярдную і далей праз левую алькежу, або праз бібліятэку і правую алькежу. Другі паверх займалі: у левым крыле – спачывальня, кабінет і імправізаваны будуар Кастравіцкіх; правае крыло прызначалася для гасцей. Адзіны доўгі калідор на другім паверсе перарываўся антрэсолямі з балюстрадаю, што выходзілі на вялікую залу.
Бруна Чыку быў прыгатаваны пакой насупраць кабінета Адама Кастравіцкага. Учарнелыя, крыху абвугленыя дзверы Вінцэнтавага пакоя знаходзіліся побач з кабінетам. З-за кароткіх ценяў ад балясін сцяна паміж Вінцэнтавым пакоем і кабінетам нагадвала сходы.
Бруна Чык выйшаў на антрэсолі і глянуў уніз. На непрыбраным стале яшчэ дагэтуль заставаўся посуд. Бруна глянуў на гадзіннік і вырашыў, што пакаёўка пані Дашкевіч, відаць, не вельмі руплівая гаспадыня. З більярднай даляцела бомканне касцяных шароў, але галасоў не было чуваць. Нарэшце Бруна Чык пачуў пругкія крокі і азірнуўся. Па калідоры спяшаўся да правай алькежы Казімір Кушаль.
– Я хацеў бы задаць пану Казіміру колькі пытанняў, – Бруна заступіў яму дарогу.
– На калідоры? – пацікавіўся Казімір і паказаў рукою на свой пакой. – Можа пан эксперт зойдзе да мяне?
– Так будзе лепш, – пагадзіўся Бруна.
У пакоі было накурана, і малады чалавек адчыніў фортку. Па ўстойлівым араматызаваным водары Бруна адразу адзначыў, што Казімір паліць дарагі галандскі тытунь. Казімір сеў за стол і дастаў з кішэні люльку. Сярод папер і часопісаў на стале Бруна заўважыў сваю манаграфію “Уводзіны ў крышталяграфію”.
– Цікавіцеся даследаваннем крышталёў? – спытаў Бруна і апусціўся ў фатэль, што зарыпеў прасохлаю скураю.
– На папулярным узроўні займаюся гісторыяй камянёў, – адказаў Казімір.
– У мяне ёсць раздзелы, прысвечаныя гісторыі буйных алмазаў.
– Так, я паглядзеў, але, на жаль, вашая праца не ўяўляе для мяне цікавасці.
– Чаму? – сур’ёзна ссунуў бровы Бруна Чык.
– Таму што яна напісана па-нямецку.
– Хіба пан Казімір не валодае нямецкай мовай?
– Я чытаю па-нямецку, але не ў гэтым справа. Я меў на ўвазе агульны здабытак культуры. Для нямецкай культуры вы, пан Чык, выбачайце – нуль, як і для Радзімы. У тым ліку і для навукі нашай, іхняй, сусветнай, пан Чык – дробны даследчык. Навука хутка змяняецца, а творы навукоўцаў захоўваюцца з-за мовы як помнікі гісторыі і культуры. А нямецкая культура не прымае іншародцаў.
– Дзякуй за шчырае слова. Але павінен заўважыць, што немцы нават сваіх славутых суайчыннікаў не надта шануюць. Паўтара года, як з Германіі з’ехалі браты Маны, і мне здаецца, надоўга, калі не назаўсёды. – Бруна дастаў з тытунёвай скрынкі папяросу, нервова пастукаў папяровым муштуком па гатычнай манаграме на накрыўцы і запаліў.
– Маны застануцца немцамі, дзе б яны не жылі, пан Чык. І Германія яшчэ будзе стаяць на каленях і прасіць іх вярнуцца.
– Лёгка быць прарокам у дваццаць гадоў, – бяскрыўдна ўсміхнуўся Бруна.
– Пажывем – пабачым.
– Я займаюся забойствам і паспеў пагаварыць з Дамінікам і Фрыдэрыкам. Цяпер, калі пан нічога не мае, мне хацелася б пачуць меркаванні пана адносна падзей мінулага вечара, – Бруна, у спадзяванні пачуць чарговае апавяданне, адкінуўся на мяккую спінку фатэля.
– Што пан мае на ўвазе?
– Вам пагражае арышт.
– Я гэта ведаю. Вы нешта хочаце мне параіць?
– Я хачу вас выслухаць і, наколькі гэта магчыма, знайсці выйсце са становішча, у якім усе апынуліся.
Казімір Кушаль выглядаў маладзейшым за Дамініка і Фрыдэрыка. Ускудлачаныя рудыя валасы густымі пасмамі закрывалі вушы і аксамітавы каўнер пінжака. Чыста паголены твар. Халодны, неміргаючы позірк зеленавата-блакітных, як кітайская біруза, вачэй. Нерухомыя бяскроўныя вусны і тонкі нос ператваралі ягоны твар у мармуровую маску. Бруна са здіўленнем адзначыў, што ён пазбягае глядзець у Казіміравы вочы.
– Я ўяўляю, якіх баек вам давялося наслухацца ад маіх сяброў. Відаць, учора я так зачапіў іх за жывое, што яны дагэтуль не размаўляюць са мною.
– Яны занятыя більярдам.
– Спартсмены і будучыя хірургі са сталёвымі нэрвамі і здаровай псіхікай. Але не ў гэтым справа. Забойцу трэба шукаць па-за межамі гэтага будынка.
– Пан Сокал сцвярджае адваротнае. Ён агледзеў парк
Казімір не даў Бруна скончыць думку:
– Адзіны чалавек, каму ўчора пагражала смерць, гэта я. Ды і тое наўрад ці. Хіба што нейкае імгненне. А Вінцэнта ўсе любілі, у станоўчым сэнсе ён быў святы.
– Цяпер гэта звучыць парадаксальна, – заўважыў Бруна. – І давайце вернемся да вашай спрэчкі. Мяне цікавіць вашая канцэпцыя, – у пытанні прагучала іронія, але на твары Бруна захаваў зацікаўлены выгляд. Казімір адкінуў далонню валасы з ілба і схіліўся над сталом.
– Калі гэта на самой справе вас цікавіць, я апошні час займаюся міфалогіяй, у прыватнасці нашым фальклорам. І ў мяне з’явілася ідэя зрабіць літаратурную апрацоўку народных паданняў пра Перуна, Вялеса, Ярылу. Стварыць літаратурны пантэон беларускіх паганскіх багоў. З дахрысціянскіх часоў да нас дайшло шмат цікавага. Ёсць над чым папрацаваць. Але паміж вусным і літаратурным словам розніца, як паміж скульптурай і жавапісам – розныя мастацкія формы. Тое, што існавала тысячагодзямі толькі ў вуснай форме, цяпер ператварыць у іншую мастацкую структуру, гэта значыць якасна змяніць. Такі твор будзе ў большай ступені належаць мне, а не народу. Аўтэнтычнага фальклору не існуе. З гэтым не хочуць пагадзіцца Дамінік і Фрыдэрык. Для іх міфалогія недатыкальная святыня, і я, у іхнім уяўленні, павінен рабіць нейкую абстрактную рэч.
Міфы – катэгорыя лагічная, гэтую выснову я зрабіў на пачатку сваіх даследаванняў. У народзе Космас з ягонымі Зямлёю і Небам, акіянамі і зоркамі, паветрам і падземным светам – успрымаюцца як разумовая цэласнасць. І чалавек атаясамлівае сябе з Космасам, Прыродаю і Зямлёю. Ён адчувае сябе часцінкаю аздзінай цэльнай структуры, узаемазалежнай і ўзаемавыключальнай. Чалавек – гэта Космас, і Космас – гэта чалавек. Хрысціянства давяло гэта да фетышызму, ператварыла Космас у Бога і супрацьпаставіла яго чалавеку. Раней беларусы нараджалі сваіх багоў, а цяпер ператварыліся ў рабоў. Ды і хрысціянства ўзнікла як рэлігія рабоў і застаецца культам рабства. Праўда, у магутных вялікіх народаў дзейнічаюць іншыя законы. Вось у нашых усходніх братоў. Вам вядомыя працы так званых хрысціянскіх славянафілаў? Яны ператварылі хрысціянства ў сродак і форму ажыццяўлення каланіяльнай палітыкі. Адны пішуць пра Бога як форму ўсеагульнай еднасці, безумоўна, маючы на ўвазе, што іхні народ застанецца носьбітам базіснай мадэлі. Яны хаваюцца за трыяды Гегеля і Кузанскага і выводзяць прынцыпы еднасці, паводле якіх увесь свет павінен належаць адзінай імперыі з адзіным Богам, з адною мараллю і мовай. Або, як Дастаеўскі і Хамякоў, разважаюць на тэмы вялікай месіянскай ідэі, ізноў жа, толькі сабе пакідаюць ролю носьбіта звышідэі, і толькі яны павінны выратаваць чалавецтва. Руская праваслаўная царква на ўвесь свет. – Казімір Кушаль рэзка ўстаў з-за стала, дастаў з сакваяжа пляшку віна і прапанаваў Бруна Чыку з прабачэннямі, што не мае магчымасці пачаставаць шаноўнага эксперта чым-небудзь больш далікатным.
– Міфалогія як светапогляд – сістэма сіметрычная, – працягваў размову Казімір. – Чалавечае цела і душа, паводле народных ідэй, знаходзяцца ва ўзаемазалежнай сувязі, а паводле хрысціянскай – адно з’яўляецца сродкам другога. Скажам, Зямля – адзіны ўладар нараджэння і смерці, і гэта Зямля стварае нашых Багоў, а не Бог – Зямлю. У народнай міфалогіі існуе гармонія паміж чалавекам і Космасам, і няма лепшых і горшых, няма выключных і звычайных – усе роўныя перад Перуном, як перад Космасам. І не існуе Хрыста паміж Богам і чалавекам. У кожнага свой шлях да Бога, і кожны можа стварыць свайго Бога, і толькі Зямля і Неба злучаюць усіх нас. Але пан Чык, відаць, стаміўся ад маіх разваг, – нарэшце вымавіў Казімір.
– Што асабліва закранула ўчора Фрыдэрыка і Дамініка? – спытаў Бруна і дакрануўся вуснамі да чаркі.
– Хутчэй за ўсё мая прэтэнцыёзнасць. Я замахваюся на святыя рэчы ў прамым сэнсе. Збіраюся напісаць стылізаваны пад фальклор міфалагічна-паганскі запавет, свайго роду тастамант беларускага паганства.
– Гэта зайздрасць? – пацікавіўся Бруна.
– Магчыма, але наўрад ці. Хутчэй пачуццё ягамосці. Я прэтэндую на аўтарства Святога Пісання.
– Але ж твора яшчэ няма і няма пра што гаварыць? – здзівіўся Бруна Чык.
– Таму і ёсць аб чым спрачацца. Калі з’явіцца рукапіс, яны проста скажуць, што ў мяне нічога не атрымалася ці што твор у мастацкім стыле слабы, што гэта стылізаваны плагіят і яшчэ што-небудзь у гэтым сэнсе. Як кажуць, пастфактум, і нічога не зменіш.
– Вінцэнт падтрымліваў вас ці Фрыдэрыка і Дамініка?
– Вінцэнт наогул не ўмешваўся. Яго гэта не займала. Адно перажываў, што не атрымалася Калядак.
– Вінцэнт першы пакінуў залу і падняўся наверх?
– Не, першая ўстала з-за стала пані Кастравіцкая і паскардзілася, што блага сябе адчувае, і паднялася наверх.
– Пан Казімір не заўважыў, яна заходзіла ў бібліятэку ці ў біліярдную?
– Вядома, гаспадыня ходзіць праз бібліятэку, але я дакладна не памятаю.
– І следам за ёю наверх пайшоў Вінцэнт?
– Так.
– Праз бібліятэку?
– Так.
– У зале засталіся вы, Дамінік, Фрыдэрык і Адам Кастравіцкі. Што было далей?
– Гаспадар прапанаваў партыю, Фрыдэрык згадзіўся, і яны зайшлі ў більярдную. Я збіраўся быў пайсці да сябе. Ні ў кога не было настрою ладзіць свята, але Дамінік вырашыў выратаваць становішча і прапанаваў мне пераапрануцца мядзведзем, каб, нягледзячы ні на што, наладзіць свята. Мы прыхапілі з Вільні строі каляднікаў. Яшчэ перад вячэрай Вінцэнт зрабіў калядную зорку. Дамінік прынёс алебарду. Невядома нашто, неяк аўтаматычна, я ўзяў алебарду з зоркай і пайшоў наверх. У бібліятэцы заўважыў мажардома Рафала і запрасіў яго на наш імправізаваны фэст. Наверсе мой пакой аказаўся замкнёны, я прытуліў зорку да сцяны, доўга па кішэнях шукаў ключ. І адамкнуўшы дзверы, я пакінуў алебарду на калідоры. А калі пераапрануўся і выйшаў са свайго пакоя, то пачуў, як цягнула смуродам – гарэў Вінцэнтаў пакой, а зорка з алебардаю зніклі. Вось і ўсё, – паціснуў плячыма Казімір.
– Вы як-небудзь можаце гэта вытлумачыць? – спытаў Бруна.
– Не.
– Вы каго-небудзь сустракалі на калідоры або на сходах, калі падымаліся да сябе?
– Не, – упэўнена адказаў Казімір.
VI
Пасля размовы з Казімірам Кушалем эксперт вырашыў яшчэ раз пагаварыць з Адамам Кастравіцкім. У кабінеце ён знайшоў следчага, які за вялікім сталом схіліўся над пратаколамі. Зашклёныя стэлажы і ампірныя крэслы надавалі кабінету афіцыйны лад. Багдан Сокал адклаў папяровую папку і паказаў Бруна Чыку на крэсла перад сталом.
– Я шукаю пана Адама, каб яшчэ раз яго распытаць. – Бруна застаўся стаяць і сунуў рукі ў кішэні.
– Сядайце, калі-ласка, Пан Кастравіцкі выйшаў на хвілінку з мажардомам па гаспадарчай справе.
Бруна неахвотна апусціўся ў крэсла.
– Я раніцай даў некалькі тэлеграм у Вільню і Варшаву. Зараз мне патэлефанавалі з Друзгенікаў, нічога вартага ўвагі. Яшчэ раз пераканаўся, што забойцу шукаць трэба тут.
– Пан следчы, відаць, спадзяваўся спіхнуць гэтую справу дэфензіве? – услых паразважаў Бруна.
– Не, гэта занадта моцна, я не збіраўся нікому перадаваць гэтае забойства, але неабходна было высветліць палітычныя погляды студэнтаў. Ці не хаваліся за гэтым забойствам палітычныя матывы, але, як пан заўважыў, віленскую дэфінзіву не цікавіць гэтая справа. Скажу шчыра, што ў мяне была надзея на палітычны паварот справы. Польскія ўлады з недаверам ставяцца да беларускіх арыстакратаў, таму мяне здзівіў нечакана станоўчы водгук дэфензівы. Ды і крымінальная паліцыя ў Вільні не знаходзіць нічога, за што можна было б зачапіцца. Быццам не людзі, а божыя анёлы. І не хочацца зацягваць гэтую справу, усё на першы погляд проста раскладаецца, – следчы раскрыў папку і злосна стукнуў па стосе спісанай паперы. – Усе паказанні супадаюць, ніхто нікому не пярэчыць, ніхто звонку не мог трапіць у будынак. Учора тут знаходзілася восем чалавек, з іх аднаго засеклі алебардаю, пяць – маюць алібі, двое пад падазрэннем і цалкам, – следчы зноў злосна ляпнуў далонню па стале, – цалкам ніякіх матываў, ніхто не меў аніякіх падстаў, каб забіць Кастравіцкага. Ды як непрыемна працаваць, калі табою пагарджаюць. Слова з іх не выцягнеш.
– Давайце сыходзіць з таго, што мы дакладна ведаем, – прапанаваў Бруна Чык, – калі адсутнічаюць знешнія відавочныя матывы, то на хвіліну мы можам прыняць версію нематываванага забойства.
– Пан Чык схільны думаць, што тут дзейнічаў маньяк? – расчаравана спытаў следчы. – Усё можа быць, але гэта неяк занадта па-жаночы. Да таго ж маньякаў трэба лавіць тымі ж сродкамі, што і звычайных злачынцаў.
– Я не казаў, што мы маем справу з маньякам, я выказаў ідэю нематываванага забойства, калі першую ахвяру забіваюць дзеля таго, каб парушыць логіку следства і схаваць наступнае злачынства.
– Разумею, – пагадзіўся следчы, – але версія занадта прыгожая, каб мець права на існаванне. Пан эксперт – ідэаліст.
– Пана Сокала можа зацікавіць адзін факт, які я знайшоў у лістах Генрыка Кастравіцкага, бацькі Вінцэнта, – сумна вымавіў Бруна і перадаў следчаму скрынку з лістамі.
– Цікава, я не паспеў прагледзець архіў, – следчы рэзка выхапіў лісты і рассыпаў па стале.
– Вы знойдзіце ў іх, што ў Вінцэнтавага бацькі было пазашлюбнае дзіця, хлопчык, старэйшы за Вінцэнта.
– Значыць, у нябожчыка быў брат, – кіўнуў у адказ следчы, не адрываючы вачэй ад зжоўклых аркушаў.
– Так, і ён знаходзіцца ў маёнтку, – спакойным голасам вымавіў Бруна.
– Каго пан мае на ўвазе? – спытаў следчы.
– У лістах вы знойдзеце, што пазашлюбнае дзіця нарадзілася ад пакаёўкі-караімкі.
– Рафал Дашкевіч – пазашлюбны сын Генрыка Кастравіцкага? – ад нечаканасці следчы ледзь не падскочыў над сталом. – Так, гэта можа істотна паўплываць на справу, пан эксперт, – супакоена дадаў следчы.
На апошніх словах следчага ў пакой увайшоў Адам Кастравіцкі, і следчы адразу сустрэў яго пытаннем:
– Ці ведае пан Адам, што ягоны мажардом Рафал у нейкім сэнсе з’яўляецца сынам Генрыка Кастравіцкага?
– Так. Рафал мой племяннік і гаспадаркай у маёнтку займаецца па сваім уласным жаданні, – неахвотна адказаў Кастравіцкі.
– Чаму мяне адразу не папярэдзілі, што мажардом – панскі сваяк? – зазлаваў следчы.
– Пан не пытаўся, – паціснуў плячыма гаспадар.
– Ён можа прэтэндаваць на частку спадчыны? – у лоб спытаў следчы.
– Генрык яго цалкам забяспечыў, Рафал нават за сваю службу ў маёнтку не бярэ грошай, – пачаў тлумачыць Кастравіцкі.
– Пан не адказаў на маё пытанне, – настойваў следчы.
– Я не юрыст, але вядома, што Рафалу належыць частка зямлі і ён мае права на нейкую частку Генрыкавай спадчыны. Адно я ведаю дакладна, што пан следчы памыляецца і робіць захады не з таго боку. Рафал любіў Вінцэнта як малодшага брата.
– Прабачце, што ўмешваюся ў размову, але я маю адно пытанне да пана Адама, – Бруна ўстаў і абапёрся на высокую спінку крэсла. – Ты не заўважыў, з більярднай хлопцы ўзялі толькі алебарду ці не знікла са зброі яшчэ што-небудзь?
Кастравіцкі на імгненне задумаўся і правёў далонню па стомленым твары:
– Магчыма. Мне здаецца, я не бачыў паляўнічага нажа. Дакладна не скажу, бо не звяртаў увагі. Ды гэта лёгка высветліць, мы можам спусціцца наніз, і я пагляджу, што засталося на сцяне.
Следчага таксама зацікавіла пытанне эксперта, і яны ўтрох скіраваліся ў більярдную.
Фрыдэрык і Дамінік крыху збянтэжана перапынілі гульню.
– Зайздрошчу моладзі, у доме нябожчык, а яны забаўляюцца, – скептычна сказаў следчы.
Уважліва агледзеўшы калекцыю зброі, што аздабляла сцяну, Адам Кастравіцкі падышоў да Бруна Чыка і спалохана зашаптаў:
– Знік паляўнічы нож.
– Што? – умяшаўся следчы.
– Я не знаходжу паляўнічага нажа, – уголас вымавіў Кастравіцкі.
– Пан Чык лічыць, што гэта мае дачыненне да забойства? – спытаў следчы.
– Так, але вытлумачыць гэта я змагу пазней, мне неабходна ўдакладніць некаторыя дэталі, – адказаў Бруна і выйшаў з більярднай у залу. Ён спыніўся пасярод гасцёўні і нейкі час разглядаў антрэсоль, потым падышоў да фісгармоніі і адгарнуў рог цяжкага дывана. На бурштынавым паркеце бялела, быццам шнар, доўгая свежая драпіна. У більярднай стрэлілі кійком і глуха загрукаталі шары. Бруна Чык пасунуў на месца дыван і праз бібліятэку трапіў у квадратны прадпакойчык, які выходзіў у левую алькежу. Бруна пастукаў у вузкія філянговыя дзверы, што ішлі адразу за бібліятэкай, і апынуўся ў Дашкевічаў. Мажардом і пакаёўка займалі два невялікія пакойчыкі.
– Мне неабходна пагаварыць з панам Рафалам, – растлумачыў Бруна пакаёўцы Юзэфе.
– Рафал недзе наверсе, відаць, у кабінеце пана Адама размаўляе са следчым, – адказала Юзэфа і правяла далонню па буфетнай паліцы, быццам выцірала нябачны пыл.
Па-скандынаўску прыгожая, статная, блакітнавокая маладзіца цалкам не адпавядала невысокаму караіму.
– Пані Юзэфа каталічка? – спытаў Бруна, заўважыўшы на шыі пакаёўкі залаты ланцужок з тонкім крыжыкам.
– Так. Відаць, пан хоча даведацца, ці венчаныя мы. Рафал, як усе караімы, – іудзей, і нас не павянчалі ў касцёле. Але хіба гэта істотна для пана эксперта?
– Прашу прабачэння ў пані Юзэфы. Я сам не ведаю, што істотнае, а што неістотнае ў гэтай справе, – адказаў Бруна і паглядзеў на гадзіннік.
– Пайду пашукаю Рафала наверсе, – у заключэнне вымавіў эксперт і, быццам нешта ўспомніўшы, спытаў: – Учора пасля вячэры пані Юзэфа была ў спачывальні гаспадыні, ці не ўдакладніце, чым вы займаліся?
– Я сказала следчаму, што пані Кастравіцкая папрасіла ёй паваражыць. Я хутка прыбрала посуд і, прыхапіўшы карты, паднялася ў спачывальню. Усе жанчыны варожаць на Каляды. Мы не паспелі раскласці першы пасьянс, як пані Кастравіцкая адчула смурод.
– Пані сустракала каго-небудзь на калідорах?
– Не.
– Пані не заўважыла, калі знік паляўнічы нож са сцяны ў більярднай?
– Здаецца, учора ўвечары. Дакладна не скажу, але сёння раніцою я выпадкова заўважыла, што яго няма на месцы. – Юзэфа Дашкевіч змоўкла і глянула на дзверы. У пакой зайшоў мажардом і кінуў змрочны позірк на Бруна Чыка.
– Я чакаю пана Рафала, – не зважаючы на непрыхаваную агрэсіўнасць эканома, вымавіў Бруна.
– Што пану трэба?
– Я хачу ведаць, чым вы займаліся ўчора пасля вячэры?
– Я пераказваў следчаму разы чатыры адно і тое ж, з мяне дастаткова, – злосна адказаў Рафал.
– Гэта непрыемна, але неабходна, ды я не следчы, а эксперт.
– Не бачу прынцыповай розніцы.
– Я займаюся гэтай справаю па асабістай просьбе пана Адама Кастравіцкага, які не надта давярае афіцыйным уладам.
– І добра робіць, што не давярае, хіба гэтым ідыётам можна верыць? – мажардом правёў далонню па чорных, што антрацыт, валасах.
– Учора я дапамог Юзэфе прыбраць посуд і пайшоў рыхтаваць пакоі для Вінцэнта і астатніх. Гэта заняло не шмат часу. Калі я скончыў і выйшаў на антрэсолі, то заўважыў, што Вінцэнта ў гасцёўні не было. Мне захацелася пагаварыць з ім, мы паўгода не бачыліся. Я вырашыў, што сустрэну яго ў алькежы, і спусціўся наніз, не зазірнуўшы ў ягоны пакой.
У бібліятэцы я здагадаўся, што памыліўся, і Вінцук ужо наверсе, але покуль я ў разгубленасці стаяў, у бібліятэку з алебардай ў руцэ зайшоў Казімір. Ён запрасіў мяне пайсці разам з імі пакалядаваць. Я адмовіўся і вырашыў чакаць Вінцэнта ў бібліятэцы. Праз пяць хвілін наверсе залямантавала гаспадыня, і ў бібліятэку з гасцёўні прыбег Дамінік. Наверсе мы ўбачылі перапалоханага Казіміра.
– Пан Рафал каго-небудзь падазрае?
Мажардом не адказваў і зацята маўчаў. Бруна вырашыў выцягнуць паўзу і ў чаканні адказу ўважліва разглядаў круглы твар эканома. Юзэфа разгублена правяла далонню па буфетнай паліцы. Бруна Чык вырашыў нарэшце развітацца з Дашкевічамі, як у пакой нахабна ўваліўся Багдан Сокал.
– Дзе Казімір Кушаль? – выбухнуў следчы.
– Што здарылася, пан Сокал? – спытаў Бруна.
– Не магу знайсці Казіміра і з шафы ў кабінеце знікла алебарда, пся крэў! – па-польску вылаяўся следчы. – Хто і калі бачыў Казіміра апошні раз? – следчы ўчэпістым позіркам абвёў усіх прысутных.
– Я гаварыў з Казімірам гадзіны паўтары таму ў ягоным пакоі, – спакойна адказаў Бруна Чык.
Рафал не адказваў следчаму.
– Неабходна абысці ўвесь будынак, пачынаючы з гарышча і да скляпенняў, – загадаў Сокал і рашуча рушыў з пакоя.
У гасцёўні Бруна глянуў у акно. У цемры густа сыпаў снег. Цяжкія сняжынкі таўкліся ў шыбу. Следчы зноў вылаяўся і, ні да кога не звяртаючыся, паразважаў у голас:
– Няўжо гэта Казімір? У такім разе ўсё робіцца зразумелым. Ён у прадчуванні арышту ўцёк і падцвердзіў усе нашыя падазрэнні. Калі на самой справе ён уцёк, то гэтага дастаткова, каб абвінаваціць яго ў забойстве.
Пошукі Казіміра Кушаля занялі гадзіны паўтары. У склепе пан Кастравіцкі пачаў частаваць віном і следчы памягчэў. Нават пачаў скардзіцца на благія прадчуванні. І што ад гэтай справы чакае ліхога. Ён расшпіліў чорны фрэнч і са збанком у руцэ прысеў на шырокую лаву.
– Я ніколі не хацеў займацца палітыкай, таму вось ужо ў гадах, а застаўся звычайным следчым. Кар’еру цяпер усе робяць на палітыцы. Моладзь спрытная пайшла. Не паспеюць справу пачаць, як ужо вышукваюць, хто ў якой партыі, якія кнігі чытае, якіх поглядаў прытрымліваецца. А я дык ведаю дакладна, што чалавек ідзе на злачынства або з-за грошай ці іншага матэрыяльнага інтарэсу, – следчы пачаў загібаць пальцы, – альбо з-за жанчыны – рэўнасць і гэтак далей; альбо з-за помсты – тут шмат варыянтаў.
– Пан Сокал не ўлічвае злачынства з-за ідэі, – Бруна Чык дапіў віно і паставіў збанок на паліцу.
– Можа, яшчэ пакаштуеш выдатны пяцігадовы портэр? – прапанаваў гаспадар, але Бруна адмовіўся і пакруціў галавою.
– А вось тут я не згодны. Забойства з-за ідэі ці палітычных матываў у сваёй аснове ўсё роўна абапіраецца на матэрыяльныя інтарэсы. Гэта можа тычыцца не асабіста забойцы, але ягоная ідэя ўскосным чынам абавязкова прывязана да матэрыяльнага свету, – следчы ўстаў і зашпіліўся.
– Пан Сокал лічыць, што любую ідэю можна вытлумачыць матэрыяльным інтарэсам?
– Так, безумоўна. І калі б я не быў у гэтым перакананы, то кінуў бы службу і падаўся ў святары.
– Цікава, як пан вытлумачыць ідэю адраджэння нацыянальнай рэлігіі з меркантыльнага боку?
– Дарма пан Чык наслухаўся гэтый лухты ад студэнтаў. Гэта не тычыцца справы.
Студэнты не бралі ўдзел у пошуках. Фрыдэрык і Дамінік засталіся чакаць у гасцёўні. Следчы Багдан Сокал, а за ім пан Чык і гаспадар з мажардомам педантычна агледзелі ўвесь будынак, нават спачывальню пані Кастравіцкай і скончылі Казіміравым пакоем. Следчы неахвотна сагнуўся і зазірнуў пад ложак.
– Пся крэў! – ён памацаў пад ложкам рукою і выцягнуў крыху ўчарнелую алебарду. – Гэтай алебардаю быў забіты Вінцэнт, але як яна патрапіла ў Казіміраў пакой?
Пан Кастравіцкі разгублена паціснуў плячыма. Мажардом, унурыўшы голаў, узяў кароценькую качаргу і паварушыў жар у трубцы. Бруна Чык падышоў да акна і падняў шыбу. Буйныя сняжынкі пакаціліся па шырокім падаконніку і пасыпаліся на дыван.
– Ці не Казімір там? – не паспеў вымавіць Бруна, як следчы рвануўся да акна. Каля падмурка на белай паверхні выгінаўся ледзь заўважны сумёт.
– Ты выпускаў сабак? – спытаў пан Кастравіцкі мажардома.
– Не, сёння пашкадаваў, занадта холадна.
З вокнаў бібліятэкі на бухматы, што маладзенькая аўчына, снег падала электрычнае святло. Ад падмурка ў бок парку цягнуўся пляскаты сумёт. Следчы з ліхтаром у руцэ адвярнуў мыском чаравіка стужку снегу пасярэдзіне выцягнутага грудка і папрасіў пана Чыка патрымаць ліхтар. Казіміраў труп быў прысыпаны снегам. Следчы перавярнуў Казіміра тварам дагары і выцягнуў з грудзей шырокае лязо паляўнічага нажа.
– Гэты нож знік з більярднай? – ён павярнуўся да Адама Кастравіцкага.
– Так.
Нябожчыка перанеслі ў зашклёную аранжарэю, дзе ўжо ў глыбокай прамакутнай труне ляжаў Вінцэнт Кастравіцкі. У Друзгеніцкім касцёле была замоўлена імша. Пахаванне прызначана на панядзелак. Казіміра Кушаля паклалі на шырокую лаву.
VII
Усе сабраліся ў вялікай зале. Покуль Богдан Сокал тэлефанаваў у Друзгенікі і Вільню, Юзэфа заслала стол абрусам і паставіла чаркі. Адам Кастравіцкі папрасіў Дашкевіча прынесці каньяк і чырвонае віно. Гаспадыня хуталася ў турэцкі цёплы шаль, седзячы ў скураным фатэлі, каля яе ног леглі два флегматычныя доберманы. Фрыдэрык і Дамінік селі за стол насупраць Кастравіцкага. Рафал Дашкевіч займаўся камінамі, то варушыў жар, то падкідаў сухія бярозавыя паленцы. Бруна Чык узяў са стала чарку і ўладкаваўся ў крэсла каля каміна. Следчы паклікаў з кухні Юзэфу і сеў паміж Кастравіцкім і Дамінікам.
– Казіміра Кушаля забілі паляўнічым нажом прыблізна ў адзінаццаць гадзін, магчыма, крыху раней. Казіміра ўдарылі ў грудзі нажом у ягоным пакоі і, відавочна, выкінулі праз акно на двор.
– Я папрашу пана Сокала пакінуць усе анатамічныя развагі, – перапыніла следчага Ганна Кастравіцкая.
– Калі ласка, перайду адразу да сутнасці справы. Мяне цікавіць, хто чым займаўся ў адзінаццаць гадзін і дзе знаходзіўся ў гэты час. Пачну з сябе. Пасля вячэры я займаўся афармленнем афіцыйных папер па выніках папярэдняга расследавання. Прызнаюся, што сур’ёзныя падазрэнні выклікалі ўчарашнія паводзіны Казіміра і ў мяне былі ўсе падставы для арышту, але, на жаль, я спазніўся. Горка пра гэта думаць. На мне ў нейкай ступені ляжыць віна перад нябошчыкам. Арышт выратаваў бы яго ад рукі забойцы. Парадокс: я не паспеў запоўніць пратаколы, – следчы вытрымаў паўзу і выпіў каньяк. Адам Кастравіцкі напоўніў чаркі.
– З ласкі пана Кастравіцкага я працаваў у ягоным кабінеце на другім паверсе. З дзевяці гадзін мне ўдалося пагаварыць спачатку з Рафалам Дашкевічам, затым па чарзе я выклікаў да размовы Дамініка Плятара, Фрыдэрыка Стральчэню. За імі ў кабінеце былі пан Кастравіцкі і пан Чык.
Прыблізна аб адзінаццатай мы ўтрох спусціліся ў більярдную і заўважылі знікненне паляўнічага нажа. Узнікла неабходнасць у яшчэ адным допыце Казіміра Кушаля. Яго небыло ў сваім пакоі. Покуль мы былі ў більярднай, з шафы ў кабінеце знікла алебарда. Я абышоў усе пакоі другога паверха – Казіміра нідзе не было. А палове дванаццатай мы пачалі пошукі, вынікі якіх усе ведаюць. Цяпер, я лічу, неабходна па чарзе кожнаму выказаць свае меркаванні і ўдакладніць, дзе ён знаходзіўся з паловы адзінаццатай да адзінаццаці і чым займаўся на працягу гэтага часу. Магчыма, у некага ўзнікнуць пярэчанні, і таму прашу ўважліва паслухаць адзін аднаго,– следчы пакруціў галавою і абвёў доўгім поглядам усіх прысутных. Нікому не хацелася гаварыць, і следчы сам пачаў допыт.
– Казімір застаўся ў сваім пакоі, калі пан Чык выйшаў ад яго на калідор?
– Так.
– Пан каго-небудзь заўважыў на калідоры?
– Так,– Рафала Дашкевіча.
– Пан Чык адразу зайшоў да мяне ў кабінет?
– Не, я ўзяў лісты Генрыка Кастравіцкага ў сваім пакоі і праз хвіліну быў у кабінеце.– Бруна Чык выцягнуў ногі і ўпёрся абцасамі лакіраваных чаравікаў у экран каміна. Следчы занатоўваў адказы.
– Калі другі раз вы апынуліся на калідоры, вы ўбачылі каго-небудзь?
– Не, на калідоры нікога не было.
– Значыць, Казімір заставаўся ў сваім пакоі?
– Магчыма.
– Гэта было прыблізна ў дзесяць трыццаць.
– Так.
– Хто-небудзь з прысутных бачыў Казіміра Кушаля пасля дзесяці трыццаці? – следчы па чарзе абвёў усіх пільным позіркам.
Ніхто не адказваў, і следчы зноў вярнуўся да Бруна Чыка:
– Колькі часу забрала ў пана размова з Казімірам?
– Хвілін сорак.
– Аб чым ішла гаворка?
– Казімір падзяліўся са мною сваімі творчымі планамі і ў некалькіх словах апісаў учарашнія падзеі.
– Ён каго-небудзь падазраваў, што-небудзь выклікала ў яго падазрэнні?
– Я ўстрымаюся ад адказу на гэтае пытанне, – неахвотна вымавіў Бруна, і следчы выпаліў наступнае пытанне:
– Казімір некага баяўся? Ён адчуваў пагрозу ці ведаў, што нехта яму пагражае?
– Калі ўсур’ёз, не.
– Удакладніце, калі ласка, вашую думку.
–Пазней, калі пан следчы дазволіць, я выкажу свае развагі крыху пазней.–Бруна Чык зняў ногі з масянжовага экрана і пераставіў крэсла бліжэй да каміна.
– Пан Чык ведае імя забойцы? – спытала пані Кастравіцкая, пераводзячы позірк то на Бруна Чыка, то на следчага.
– Пэўна, не, – кіўнуў Бруна.
Следчы здагадаўся, што не варта спяшацца і прымушаць Бруна Чыка выказвацца.
– Дазвольце мне весці допыт, – Багдан Сокал крыху павысіў голас і перапыніў наступныя пытанні Ганны Кастравіцкай.
– Дарэчы, дзе ў адзінаццаць гадзін знаходзілася пані Ганна?
Гаспадыня ўцягнула шыю ў пуховы шаль і з абурэннем паглядзела на мужа, што сядзеў, схіліўшы голаў, побач са следчым.
– У маёй спачывальні, вядома. Пасля вячэры я не выходзіла на калідор і нават не глядзела на гадзіннік.
– Папрашу пана Кастравіцкага адказаць на гэтае пытанне, – следчы застрачыў самапіскай у нататніку.
– Пан Сокал ведае, што з кабінета я выйшаў разам з мажардомам. Мы вырашалі невялікую справу па гаспадарцы, і я пайшоў да пані Ганны, якая прасіла, каб я ўголас пачытаў ёй. Пані Ганна цяжка перажывае Вінцэнтаву смерць. Да адзінаццаці мы гаварылі, і я вярнуўся ў кабінет па томік Міцкевіча. Потым з панам Сокалам заходзіў у більярдную і зноў падняўся да пані Ганны.
– Пан каго-небудзь сустракаў на калідоры па дарозе са спачавальні ў кабінет?
– Не, хіба што Рафала, ён параіўся са мною, ці выпускаць сабак на двор.
– Калі пан Кастравіцкі апошні раз бачыў Казіміра?
– За вячэраю, – Кастравіцкі разгублена паціснуў плячыма. Следчы павярнуўся да Рафала Дашкевіча, што доўгімі абцугамі мяшаў у каміне попел.
– Што пан Дашкевіч рабіў на другім паверсе ў дзесяць трыццаць?
– Хацеў пагаварыць з панам Адамам.
– Вы чакалі гаспадара на калідоры?
– Так. – Рафал павесіў абцугі на паліцу.
– Чаму ж не зайшлі да яго?
– З-за дробязі не хацелася турбаваць.
– Пан Рафал бачыў, як Бруна Чык выходзіў з Казіміравага пакоя?
– Так.
– Што пан Рафал рабіў пасля гэтага?
– Пайшоў да сябе. Потым вырашыў паглядзець грубкі на другім паверсе. Вярнуўся і абышоў усе пакоі для гасцей.
– Вы заходзілі да Казіміра?
– Так, але ў пакоі нікога не было.
– Вы бачылі каго-небудзь у пакоях ці на калідоры ў гэты час?
– Не, наверсе нікога не было. Да гаспадароў я не заходзіў. Потым убачыў пана Адама і спытаў пра сабак.
– Калі пан Рафал вырашыў вярнуцца наверх? – Следчы адарваўся ад нататніка і паглядзеў на Дашкевіча, што ўсё стаяў побач з камінам.
– У алькежы.
– Якой алькежы – правай ці левай? – спытаў мажардома Бруна Чык.
– У левай: я думаў ісці праз більярдную.
Бруна Чык папрасіў у следчага прабачэння, што ўмяшаўся ў размову, і Багдан Сокал прадоўжыў допыт Рафала Дашкевіча.
– Вы пачалі глядзець грубкі з Казіміравага пакоя?
– Не, з пакоя пана Чыка.
– Праз колькі хвілін вы зайшлі да Казіміра?
– Хвілін праз дзесяць.
– У пакоі нікога не было?
– Так.
Следчы павярнуўся да студэнтаў, што не вельмі ўважліва прыслухоўваліся да размовы. Дамінік гартаў на каленях часопіс “Калосьсе”, які ледзь не на пачатку допытаў выцягнуў з кішэні пінжака. Фрыдэрык пускаў у столь струмені тытунёвага дыму і час ад часу нахіляўся да Дамініка, каб зазірнуць у разгорнуты часопіс.
– Што скажуць панічы студэнты?
– Мы гулялі ў більярд, на другі паверх не падымаліся, – за абодвух адказаў Фрыдэрык.
– Да адзінаццатай гадзіны хто-небудзь з вас пакідаў більярдную?
– Так, – Дамінік адарваўся ад часопіса і паказаў у бок пакаёўкі Юзэфы, што сядзела на крэсле побач з Рафалам, склаўшы перад сабою рукі ў чаканні сваёй чаргі. – Пані Юзэфа можа пацвердзіць, што на хвіліну я заходзіў у бібліятэку. Пані Юзэфа ў гэты час прыбірала посуд у гасцёўні.
– Калі гэта было? – следчы павярнуўся да Дамініка.
– Прыблізна за дваццаць хвілін да таго, як вы разам з гаспадаром і панам Чыкам завіталі ў більярдную і разглядалі калекцыю зброі.
– Пан Фрыдэрык адзін застаўся ў більярднай?
– Так, але не болей дзвюх хвілін. Дамінік узяў з бібліятэкі нямецкую энцыклапедыю і вярнуўся ў більярдную.
Следчы запісаў адказы Фрыдэрыка і Дамініка і звярнуўся да пакаёўкі.
– Што рабіла пані Юзэфа з дзесяці трыццаці да адзінаццаці?
– Прыбірала са стала ў гасцёўні і мыла посуд, – пакаёўка паклала рукі на калені, але не паднялася і адказвала седзячы.
– Пані Юзэфа бачыла, як Дамінік Плятар з більярднай праз гасцёўню заходзіў у бібліятэку?
– Так, я складала абрус.
– Пані бачыла, як ён вяртаўся?
– Так, я склала абрус і выходзіла на кухню. На калідоры азірнулася – пан Дамінік грукнуў дзвярыма ў бібліятэцы і праз залу скіраваўся да більярднай.
VIII
Следчы падняўся з-за стала і нетаропка, шырокімі крокамі пачаў прахаджвацца па зале.
– На сёння дастаткова, з раніцы кожны падпіша свае паказанні на афіцыйным бланку, але цяпер я дазволю сабе яшчэ на колькі хвілін затрымаць усіх, каб зрабіць тое, што я, на жаль, не паспеў выканаць раней. Я збіраюся арыштаваць па падазрэнні ў забойстве Казіміра Кушаля аднаго з прысутных. Я не абмовіўся. Менавіта за аднаго Казіміра Кушаля, таму што Вінцэнта Кастравіцкага забіў іншы чалавек, і я таксама ведаю ягонае імя. На гэты раз я не збіраюся адкладаць арышт, бо ўсё адносна відавочна. – Следчы спыніўся каля дзвярэй і, сашчапіўшы пальцы на жываце, узняў падбароддзе і выклаў сваю версію:
– Учора дзве асобы не мелі пэўнага алібі. У такіх выпадках амаль ніхто не мае пэўнага алібі, але два чалавекі – Кушаль і Рафал Дашкевіч – выклікалі ў мяне падазрэнне. Гаспадыня, пані Кастравіцкая, у сваёй спачывальні варажыла з пакаёўкай, Фрыдэрык з гаспадаром гулялі ў більярд, Рафал знаходзіўся ў бібліятэцы, Дамінік быў у зале, але на другі паверх можна трапіць толькі праз адну з алькежаў, а для гэтага неабходна прайсці або праз більярдную, або праз бібліятэку. Такім чынам, і Дамінік Плятар быў выключаны з ліку тых, хто меў магчымасць здзейсніць забойства. Гэта значыць, што забіць Вінцэнта маглі або Рафал, або Казімір, які занёс алебарду на другі паверх. Відавочны факт. Зброя была ў Казіміра, і толькі ён меў магчымасць забіць Вінцэнта. Але я не знаходзіў матываў, нашто Казіміру ісці на гэтае злачынства. Вось гэтае пытанне не дазваляла мне канчаткова вырашыць гэтую задачу і зрабіць цалкам лагічную выснову, што менавіта Казімір Кушаль з’яўляецца злачынцам. Я зрабіў недаравальную памылку – адклаў на дзень арышт Казіміра – і спазніўся. Казімір ператварыўся ў ахвяру наступнага, не менш жудаснага злачынства. – Следчы дастаў з кішэні хустачку і выцер кропелькі вільгацці, што заблішчалі на пачырванелым ад стомы твары.
– Цяпер вернемся да сённяшніх падзей. Амаль ніхто на момант злачынства не мае алібі, апроч хіба што Дамініка і Фрыдэрыка, ніхто. Узнікае шмат версій і падазрэння. Напрыклад, што Казімір бачыў забойцу – не прызнаўся і быў забіты, як небяспечная сведка. Але што ў такім разе прымусіла Казіміра замоўчваць імя злачынца? Калі гэта быў Рафал Дашкевіч, то наўрад Казімір меў падставы, каб не прызнацца ў гэтым і прыкрываць Рафала. Казімір раней не быў знаёмы з Дашкевічам і ў змову з малавядомым яму чалавекам не ўступіў бы. Гэта не рэальна. Напрошваецца выснова, што менавіта Казімір Кушаль забіў Вінцэнта і гэта мог выпадкова ўбачыць Рафал ці тым жа шляхам, што і я, прыйсці да гэтай думкі. Усе, апроч студэнтаў, ведаюць, што Вінцэнт даводзіўся сводным братам Рафалу Дашкевічу, і я схіляюся да пэўнай думкі, ці не з’яўляецца помста за брата падставаю для матываў злачынства
– Следчы падышоў да скамянелага Рафала і зашчоўкнуў тонкія сталёвыя бранзалеты кайданкоў на сціснутых у кулак руках караіма, які не вымавіў ні гуку і ўтаропіў цяжкі позірк у падлогу. Следчы з інтанацыяй педагога звярнуўся да ўзбуджанных слухачоў:
– Рафал здагадаўся, што брата забіў Казімір Кушаль, і, падпільнаваўшы момант, адпомсціў Казіміру, скарыстаўшы паляўнічы нож.
– Па-першае, нашто Казіміру было падпальваць Вінцэнтаў пакой? І па-другое, хто ўзяў алебарду з шафы ў кабінеце і кінуў пад Казіміраў ложак? – Бруна Чык на адным дыханні выпаліў пытанні і адкінуў далонню з ілба пасму сівых валасоў. – Алебарду ўзяў мажардом, – сам адказаў Бруна і звярнуўся да акрыяўшага Рафала: – Гэта вы зрабілі?
– Я, – кінуў Рафал.
– Пан Сокал дакладна вытлумачыў паводзіны Рафала. На самой справе мажардом вырашыў адпомсціць Казіміру за забойства Вінцэнта і ўзяў з шафы алебарду, каб ёю нанесці ўдар, але Казіміра ў ягоным пакоі не было. Рафал, не дачакаўшыся ахвяры, кінуў алебарду пад ложак і пайшоў да сябе. Ці, можа, я памыляюся, і пан Рафал, нарэшце, сам вытлумачыць свае паводзіны?
– Так, алебарду ўзяў я, але Казіміра ў пакоі не было, – Рафал Дашкевіч скарагаворкаю забубніў сабе пад нос. – Я вырашыў, што заб’ю гада, бо гэта ён Вінака
Я здагадаўся і хацеў адпомсціць, ды не паспеў. Нехта апярэдзіў мяне.
Бруна Чык не даў выгаварыцца ўзведзенаму Рафалу.
– Ці на свае вочы бачыў пан Дашкевіч, як Казімір заходзіў у Вінцэнтаў пакой?
– Не. Але хто ж яшчэ, калі не ён? Наверсе адныя жанчыны былі, а ў нізе пан Адам з Фрыдэрыкам у більярднай, я ў бібліятэцы, з залы ніяк не трапіш наверх, апроч як праз більярдную ці бібліятэку. А болей у доме нікога не было, хіба што прывід пана Генрыка.
Нечакана Бруна Чык спрытна падхапіўся з крэсла і выйшаў на сярэдзіну пакоя. Усе з цікавасцю назіралі за ягонымі рэзкімі рухамі. Каля стала ён спыніўся і ўзняў руку, паказваючы на балюстраду антрэсолі, што цягнулася праз залу і з’яўлялася часткаю калідора другога паверха. Да балясін было метра тры з паловай.
– На другі паверх можна трапіць праз антрэсолі! – задаволена вымавіў Бруна Чык і павярнуўся да збялелага Дамініка Плятара.
– Можа, пан эксперт прадэманструе, як гэта ў яго атрымаецца? – Плятар скрывіў вусны ў іранічнай усмешцы.
– Калі ласка, але спачатку спытаю гаспадароў, калі апошні раз у доме вашчылі паркет?
– Перад святам, дні тры таму, – адказала за разгубленую гаспадыню пакаёўка.
Бруна Чык папрасіў следчага саступіць на паркет і адвярнуў рог дывана, што ўпінаўся ў фісгармонію. Следчы з сур’ёзным выглядам памацаў шырокую драпіну на бліскучым навошчаным паркеце. Дамінік застаўся сядзець, а Фрыдэрык і Адам Кастравіцкі падышлі да Бруна Чыка, які зноў паказаў на антрэсолі.
– Так да балясін немагчыма дацягнуцца, нават калі падскочыш ці станеш на крэсла, то наўрад ці схопіш рукою карніз. Але дастаткова на метр пасунуць фісгармонію (гэта было зроблена ўчора, бо засталася свежая драпіна пад дываном) і выкарыстаць інструмент у якасці прыступак, як адкрываецца яшчэ адзін шлях на калідор другога паверха. Маладому, спрытнаму чалавеку няцяжка падцягнуцца на балясінах і пераскочыць на той бок балюстрады. З гэтага вынікае, што ўчора на другі паверх такім чынам трапіў і затым спусціўся чалавек, які не хацеў карыстацца звычайнымі сходамі і спадзяваўся застацца незаўважаным. Паводзіны такога кшталту належаць злачынцу.
Дамінік Плятар, які дагэтуль быццам не слухаў Бруна Чыка, а разглядаў дробныя кветкі на вышываным абрусе, нарэшче адарваў позірк ад стала і спадылба глянуў на следчага. Багдан Сокал з крыху скептычным выглядам сачыў за экспертам.
– Не варта цяпер соваць фісгармонію, гэта і так відавочна, – выкладаў свае развагі Бруна Чык, – таму я перайду да другога забойства. Пан Сокал дакладна высветліў, хто дзе знаходзіўся ў момант забойства Казіміра Кушаля. Я дазволю сабе паўтарыць, што Рафал Дашкевіч чакаў з алебардаю ў Казіміравым пакоі, каб здзейсніць свой намер і пакараць забойцу. Але давайце на хвіліну ўявім сабе, што гэтак усё і было. У нас атрымліваецца іншы расклад, з якога вынікаюць супрацьлеглыя высновы. Казіміра ў дзесяць трыццаць не было ў ягоным пакоі, і Рафал Дашкевіч не сустрэў яго на калідоры. Значыць, крыху раней Казімір пайшоў у іншае месца. Калі гадзіны каля дзевятай я спаткаў Казіміра, то ён збіраўся спусціцца ў бібліятэку. Тут варта адзначыць яшчэ адну істотную акалічнасць – Казіміраў пакой знаходзіцца якраз над бібліятэкай, таму не цяжка здагадацца, што, магчыма, Казімір быў забіты не ў сваім пакоі, а паверхам ніжэй і адпаведна труп выкінулі праз вакно ў бібліятэцы, а не, як лічыць пан Сокал, з Казіміравага пакоя. Такім чынам, я звяртаю ўвагу пана Сокала на іншую арганізацыю фактаў, з якой вынікае, што забойцу трэба шукаць не на другім паверсе, а на першым. Такім мне ўяўляецца ход падзей.
І на хвіліну ўзнікла ненатуральная, як у сне, цішыня. Яе разбурыў голас Дамініка Плятара.
– Пан Чык робіць захады супраць мяне і Фрыдэрыка, але як пан вытлумачыць матывы злачынстваў?
– Цікавая версія, – следчы сам наліў сабе і ўзяў чарку з каньяком. – Пан Чык арганізаваў факты, ды не хапае самага істотнага, не хапае матываў злачынства, каб каго-небудзь абвінаваціць у гэтых жорсткіх злачынствах, неабходна ведаць, нашто ён гэта зрабіў?
– Не ведаю, наколькі сур’ёзна паставяцца да гэтай версіі судовыя ўстановы, але я выкажу свае меркаванні, – не надта ахвотна пачаў Бруна Чык. – Звычайна злачынца забівае ахвяру сыходзячы з нейкіх пэўных матываў, але не выключаецца ідэя нематываванага забойства, калі злачынца забівае першую ахвяру, каб парушыць логіку следства і схаваць матывы наступнага злачынства. Ствараецца прэцэдэнт, у якім першы гіне сведка злачынства , а потым ахвяра, а не наадварот. Скажам, нехта Ікс збіраецца забіць ці нейкім іншым чынам знішчыць Казіміра Кушаля, і гэты Ікс падпаільноўвае такі момант, калі Казіміра можна выставіць у якасці або, у лепшым разе, сведкі, або нават забойцы. Ікс удае, што спрабуе наладзіць свята, падбівае Казіміра пайсці пераапрануцца, бярэ са сцяны ў більярднай алебарду і аддае яе Казіміру, а сам узбройваецца паляўнічым нажом. Калі Казімір праз левую алькежу падымаецца да сябе, то Ікс крыху пасоўвае фісгармонію, становіцца на інструмент і, падцягнуўшыся на балясінах, апынаецца на антрэсолях. На калідоры другога паверха Ікс заўважае, што Казімір пакінуў алебарду з зоркаю каля дзвярэй. Вось дык пашанцавала! Магчыма, у гэты момант узнікла ідэя стварыць прэцэдэнт нематываванага злачынства, магчыма, план гэтага злачынства быў складзены яшче нанізе. Мне здаецца, што, так ці інакш, Ікс крыху павагаўся ў сумненнях, калі ўбачыў алебарду, як лепш выкарыстаць такі падарунак ад д’ябла. Ікс бярэ алебарду і засякае Вінцэнта. Забойцу неабходна адзначыць час злачынства, каб выклікаць падазрэнні на Казіміра, і ён падпальвае Вінцэнтаў пакой. Такім жа шляхам Ікс вяртаецца ў залу. А следства пачынае раскручвацца ў памылковым кірунку і заходзіць у тупік. Следчы, пан Сокал, не ведае, каго абвінаваціць – Казіміра ці Рафала, не знаходзіць матываў. Ікс пачынае дзейнічаць ізноў. Гэтым разам ён скарыстоўвае той паляўнічы нож, якім збіраўся забіць першую ахвяру, каб не падвярнулася алебарда. Выпадкова Ікс сустракаецца ў бібліятэцы з Казімірам. Ён дзейнічае не разважаючы, імгненна з’яўляецца думка выкарыстаць выпадковую сустрэчу. Ікс забівае Казіміра і выкідае труп праз акно. Ён спадзяецца на тое, што следчы вытлумачыць знікненне Казіміра як уцёкі. Казіміра няма – значыць, ён уцёк ад следства і правасуддзя, але гэтага не атрымалася, мы знайшлі нябошчыка, і пан Сокал абвінаваціў у злачынстве Рафала.
У мяне адразу выклікалі суменне два ўзаемавыключныя факты: алебарда як сродак злачынства і падпалены пакой. Казімір узяў алебарду ва ўсіх на вачах, і калі б ён сам выкарыстаў яе такім чынам, то ніколі не стаў бы падпальваць пакой і чакаць, покуль заўважаць дым і смурод. Па логіцы, Казімір або не падпальваў бы пакой, або не карыстаўся б такой прыкметнай зброяй.
Прыблізна гэтыя ж развагі непакоілі пана Сокала, і ён марудзіў з арыштам Казіміра.
Бруна Чык перарваў прамову, запаліў папіросу і, зацягнуўшыся тытунёвым дымам, прайшоўся па пакоі. Доберманы каля фатэля Ганны Кастравіцкай напружана павялі галовамі. Гаспадыня паправіла шаль і папрасіла пана Адама наліць ёй кілішак віна. Бразнуў сталёвымі бранзалетамі Рафал, але следчы не спяшаўся здымаць з яго кайданкі, адно лагодна паляпаў яго па плячы, быццам супакойваючы, што ўсё высветліцца. Дамінік моўчкі піў каньяк, а Фрыдэрык, сашчаміўшы пальцы на патыліцы, фамільярна разваліўся на канапе. Усе застылі ў чаканні развязкі.
– Усё тое, што я расказаў, магло б існаваць на тым жа ўзроўні, як і версія пана Сокала, калі б я не паспеў пагаварыць з Казімірам Кушалем. Праўда, ён не ўспрымаў пагрозу як рэальную небяспеку, але падзяліўся са мною сваімі развагамі. Ён збіраўся напісаць літаратурны пантэон славянскіх Багоў, стварыць у сваім родзе Святое Пісанне беларускай міфалогіі. Гэтыя намаганні пачынаючага літаратара ўзбудзілі юнацкі тэмперамент ягоных сяброў. На глебе рэлігійных перакананняў і моцна падагрэтыя віном сябры пасварыліся. Для Казіміра гэтая спрэчка не была прынцыповай. Хвароба рэлігійнага фанатызму не разбурыла ягонай свядомасці. Я не буду пераказваць усё, што мне давялося пачуць, але гэтага было дастаткова, каб зрабіць наступнае адкрыццё. Забойства Казіміра Кушаля мела рэлігійныя матывы. Руку забойцы скіраваў рэлігійны псіхоз. Рэлігія, нават нацыянальная, ды якая заўгодна, здатная ператварыць чалавека ў вар’ята.
Фрыдэрык саскочыў з канапы і спыніўся каля Дамініка, што круціў у доўгіх пальцах шкляную чарку.
– Ты забіў Вінцэнта і Казіміра! – не вытрымаў Фрыдэрык і, схапіўшы за пінжак, паставіў на ногі расплаўленага каньяком, быццам пластылінавага, Дамініка. Ягоны шкляны позірк слізгануў па Фрыдэрыку і скіраваўся ў падлогу. – Ты гэта зрабіў?! – крыкнуў Фрыдэрык і ўдарыў кулаком яму ў твар. Дамінік, што і так ледзь трымаўся на нагах, упаў на дыван. Багдан Сокал пераскочыў праз перакуленае крэсла і схапіў Фрыдэрыка за руку.
– Супакойцеся, пан Фрыдэрык, – загадаў следчы, – усё вырашыць суд, – следчы дапамог Дамініку падняцца і зняў з Рафала кайданкі.
Раніцою Багдан Сокал павёз Дамініка Плятара ў мястэчка, але па дарозе Дамінік збіў следчага і выкінуў з машыны. Ён зняў кайданкі і з’ехаў на старой “татры” ў невядомым напрамку. Болей у тых мясцінах ніхто яго не бачыў.
* * *
Бруна Чык вярнуўся ў Вільню і толькі праз восем гадоў, улетку 1944 года, выпадкова заўважыў маладога мужчыну ў вайсковым фрэнчы, што выбег перад ім з брамы гатычнага будынка і заскочыў у чорную машыну. Малады афіцэр некуды спяшаўся і не звярнуў увагі на Бруна Чыка. Машына хутка знікла за рагом. Бруна Чык доўга не мог успомніць, дзе ён бачыў гэты знаёмы, мужны, гарбаносы твар. Але пазней памяць старога эксперта аднавіла друзгеніцкую трагедыю, і ён прыгадаў Дамініка Плятара.
Гэта здарылася на пачатку ліпеня, якраз у той час, калі Вільня нікому не належала. Эксперт дакладна не разгледзеў, у якую форму быў апрануты Дамінік Плятар.